viasna on patreon

Мікола Статкевіч пойдзе ў Вярхоўны суд

2008 2008-09-04T12:56:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Былы палітвязень Мікола Статкевіч лічыць, што рашэньне ЦВК не рэгістраваць яго кандыдатам на дэпутата супярэчыць Канстытуцыі.

“Паводле беларускага заканадаўства судзімыя асобы нават не могуць вылучацца кандыдатамі на дэпутата. Гэты закон кардынальна супярэчыць Канстытуцыі, у якой зазначаецца, што толькі дзьве прычыны могуць перашкодзіць удзелу ў выбарах: знаходжаньне ў турме ці прызнаньне судом недзеяздольным, псыхічна хворым. У Канстытуцыі ёсьць такая фраза – “любыя іншыя абмежаваньні не дапускаюцца і караюцца законам”.

Я падаў дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы толькі з той мэтай, каб абараніць канстытуцыйныя правы ня толькі мяне. Калі казаць шчыра, я не перапоўнены энтузіазмам удзельнічаць у гэтак званых выбарах. А каб абараніць правы дастаткова вялікай групы людзей.

Мая судзімасьць будзе пагашаная праз 11 месяцаў. Але ёсьць асуджаныя па справе 14-ці, ёсьць Скрабец, Марыніч, Казулін, Севярынец, у якіх таксама гэтая судзімасьць захоўваецца.

Чамусьці акруговая камісія, не зважаючы на закон, на свой закон, зарэгістравала маю ініцыятыўную групу. Мабыць яны спадзяваліся, што я адступлюся, каб не адказваць перад грамадзтвам на пытаньне, чаму яны грэбуюць Канстытуцыяй. Але я пайшоў да канца і сабраў тысячу подпісаў, каб пасьля можна было напісаць заяву ў Вярхоўны суд.

Для таго, каб дайсьці да Вярхоўнага суду, мне трэба было прайсьці акруговую камісію і ЦВК. А цяпер я напішу заяву ў Вярхоўны суд. На разгляд справы я запрашаю ўсіх тых, хто мае судзімасьць за свае погляды і палітычную дзейнасьць. Я запрашаю прыйсьці і запытацца, што важней, Канстытуцыі ці закон? Канстытуцыя на гэтае пытаньне адказвае адназначна. Канстытуцыя. Артыкул 137 “Калі закон і Канстытуцыя супярэчаць адно другому, у дзеяньне ўступае Канстытуцыя”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства