Бабруйск: Кандыдату АГП не дазволілі выступіць перад выбаршчыкамі
Кандыдату АГП Уладзіміру Сямашку не дазволілі выступіць на сустрэчы, якая праводзілася ў Бабруйску з кандыдатам ад улады - намеснікам галоўнага доктара гарадской бальніцы №1 Аленай Шамаль.
Уладзімір Сямашка паведаміў, што сустрэча была арганізавана 1 верасня адміністрацыяй Першамайскага аддзялення "Белпромстройбанка" у 16:00 у актавай зале гэтай установы. "Я таксама прыйшоў са сваёй даверанай асобай, - распавёў ён. - Думаў, што распавяду пра сваю перадвыбарчую праграму. Але скончылася афіцыйная частка сустрэчы, і людзям сказалі, што яны могуць быць свабодныя. Я папрасіў слова, а намеснік кіраўніка банка Андрэй Міронаў сказаў: "У нас працоўны час, нам трэба працаваць"".
На завяршэнне сустрэчы намеснік кіраўніка банка ўручыў кандыдатцы букет руж. Ён сказаў, што ў Алены Шамаль ёсць усе шанцы для перамогі, і, будучы абранай у парламент, яна акажа бобруйчанам неацэнную дапамогу.
"Па-першае, сустрэча праводзілася ў працоўны час, - адзначыў эксперт па выбарчым заканадаўстве Сяргей Альфер. - Па-другое, не забяспечаныя роўныя правы кандыдатаў на правядзенне сустрэч з выбаршчыкамі. І тое, і другое з'яўляецца сур'ёзным парушэннем заканадаўства. Таму ў пракуратуру неабходна напісаць заяву аб прыцягненні да адказнасці таго, хто забараніў выступаць іншаму кандыдату".
Уладзімір Сямашка і Алена Шамаль балатуюцца па Бабруйскай-Ленінскай выбарчай акрузе № 78.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"