viasna on patreon

Магілёў: Моладзевых актывістаў адлічаюць з універсітэту

2008 2008-09-05T14:17:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Каардынатарку аргкамітэту партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” па Магілёўскай вобласці Таццяну Шамбалаву і аднаго з лідэраў магілёўскай арганізацыі “Малады Фронт” Расціслава Панкратава адлічаюць з Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя А. Куляшова.

“У летнюю сесію, - гаворыць Таццяна Шамбалава, студэнтка 3-га курса гістарычнага факультэту спецыяльнасці “Гісторыя (Археалогія)”, - я не здала два іспыты. Тады я не была ўпэўнена ў тым, ці я сама не ў стане іх здаць, ці нехта дапамагае мне, каб я іх не здала. 1 верасня я пайшла здаваць іспыт да свайго дэкана Ўладзіміра Барысенкі. Я адказала яму на пытанні білету, а ён мяне вырашыў адправіць на камісію і паставіў дрэнную адзнаку. Пасля гэта мне ўсё стала зразумела, у тым ліку і тое, што прычына не ва мне адной. 4-га верасня камісія паставіла мне тры балы па прадмету “Новая гісторыя Еўропы і Амерыкі”, што не з’яўляецца здавальняючай адзнакай”.

“Пасля іспыту спадар Барысенка сказаў мне, што камісія па другому іспыту адмяняецца аўтаматычна. Прарэктар, да якога я хадзіла пасля іспыту, сказаў, што больш камісій па нездадзенаму мной іспыту не будзе”, - адзначае Таццяна Шамбалава.

Сваё адлічэнне Таццяна лічыць палітычна матываваным, бо яна ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі ў Палату Прадстаўнікоў НС РБ у якасці прэтэндэнта ў кандыдаты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС), але акруговая выбарчая камісія №87 палічыла, што частку датаў у падпісных лістах ставілі зборшчыкі подпісаў уласнаручна і не зарэгістравалі яе ў якасці кандыдата ў дэпутаты.

Другі моладзевы актывіст, студэнт 1-га курсу факультэта замежных моваў Расціслаў Панкратаў адзначае, што яго ў летнюю сесію не дапусцілі да аднаго іспыту і паставілі дрэнныя адзнакі яшчэ па двух.

Адзін з двух іспытаў, якія былі перанесены на пачатак наступнага семестру, Расціслаў здаў з другога разу камісіі, а на іспыце па ангельскай мове на камісіі ён атрымаў непрахадную “тройку”.

Расціслаў адзначае, што яму неаднаразова дэкан прапаноўваў забраць дакументы з ўніверсітэту па свайму асабістаму жаданню, але ён пастаянна адмаўляўся.

“Ціск на мяне пачаўся яшчэ з восені 2007 года, - гаворыць Расціслаў, - калі да мяне пачалі прыходзіць на размовы супрацоўнікі КДБ. З красавіка гэтага года мяне пачаў дзёргаць дэканат. Першую сесію я здаў паспяхова, без пераздач, а на другой мяне проста завалілі”.

Сваё адлічэнне Расціслаў бачыць вынікам сваёй палітычнай актыўнасці ў незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”. 

Зараз моладзевыя актывісты чакаюць афіцыйных загадаў на адлічэнне.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"



Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства