viasna on patreon

Тыдзень выбарчай кампаніі: падзеі і абагульненні

2008 2008-09-05T16:42:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Галоўнымі падзеямі тыдню сталі пачатак агітацыйнай кампаніі кандыдатаў у дэпутаты, а таксама разгляд Цэнтральнай камісіяй скаргаў тых прэтэндэнтаў, якія не прайшлі ў акруговых камісіях рэгістрацыю. Па выніках разгляду скаргаў у ЦВК на 8 кандыдатаў стала болей.

Варта адзначыць, што словазлучэнне “пачалі агітацыю” тычыцца хутчэй дэмакратычных кандыдатаў, бо “праўладныя” выйшлі на агітацыйны старт яшчэ некалькі месяцаў таму.

У той час, калі вышэйшыя дзяржаўныя службоўцы сцвярджаюць, што для ўсіх кандыдатаў створаныя роўныя ўмовы для агітацыі, на практыцы ўсё выглядае зусім па-іншаму.

Прэтэндэнтам у кандыдаты “перашкодзілі фармальнасці”

3-4 верасня Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў разглядала скаргі грамадзян, якія не прайшлі ў акруговых камісіях рэгістрацыю кандыдатамі. Усяго ў ЦВК паступілі 52 скаргі: сем з Магілёўскай вобласці, восем з Гарадзенскай, па пяць з Гомельскай і Менскай, чатыры з Брэсцкай, тры з Віцебскай вобласці і 20 скаргаў з Менску. Па выніках паседжанняў ЦВК прыняла рашэнні зарэгістраваць восем кандыдатаў у дэпутаты: Ірыну Яскевіч (Віцебская-Чкалаўская акруга № 18), Міхаіла Сілівонца (Жыткавіцкая акруга № 32), Юрыя Рубцова (Гомельская-Савецкая акруга № 34), Івана Шчарбакова (Гомельская-Савецкая акруга № 34), Аляксандра Букаса (Барысаўская акруга № 62), Вольгу Шаханаву (Аўтазавадская акруга № 92 г. Менска), Уладзіміра Навасяда (Свіслацкая акруга № 94 г. Менска), Васіля Каранкевіча (Гомельская-Савецкая акруга № 34). Кандыдаты Ірына Яскевіч, Аляксандр Букас і Міхаіл Селівонец уваходзяць у адзіны спіс АДС. Такім чынам, зараз зарэгістравана 284 кандыдаты ў дэпутаты з 365 прэтэндэнтаў, якія падавалі заявы (пяць забралі дакументы). Сярод кандыдатаў 79 прадстаўнікоў АДС.

Сярод тых, каму ЦВК адмовіла ў задавальненні скаргі, вядомыя палітыкі Вінцук Вячорка, Мікола Статкевіч, Віктар Івашкевіч, Сяргей Салаш, Юрый Карэтнікаў  і іншыя.

Найбольш тыповымі прычынамі адмоў у рэгістрацыі кандыдатаў былі недакладныя звесткі ў дэкларацыі аб прыбытках або прызнанне подпісаў несапраўднымі. Напрыклад, у дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці не паказаны старэнькі аўтамабіль, матацыкл або прычэп, перададзены 10 гадоў назад каму-небудзь па даверанасці, але які дагэтуль знаходзіцца на ўліку ў ДАІ. Подпісы часцей за ўсё прызнаваліся несапраўднымі таму, што ў адным падпісным лісце былі сабраныя подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі розных адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак, або падпісныя лісты завераныя не тым выканкамам, на тэрыторыі якога збіраліся подпісы.

Старшыня БХК Алег Гулак, які назіраў за працэсам разгляду скаргаў у ЦВК, адзначыў, што падчас разглядаў скарг выявілася недасканаласць выбарчага заканадаўства: "Пераважная большасць адмоў у рэгістрацыі кандыдатаў была праведзена па фармальных падставах. Відавочна, што шматлікія працэдуры, неабходныя для рэгістрацыі кандыдатаў, уяўляюць сабою фармальныя перашкоды, ніяк не звязаныя з забеспячэннем права грамадзян абіраць і быць абранымі".

Роўнасць правоў кандыдатаў - толькі на паперы

У мэтах “ідэалагічнай чысціні” дэмакратычным кандыдатам не дазваляюць праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі разам з праўладнымі.

Так, 3 верасня дырэктар УА "Гімназія №4 г.Віцебска" арганізаваў і правёў сустрэчу выбаршчыкаў (бацькоў вучняў узначальваемай ім навучальнай установы) з кандыдатам ад улады па Віцебскай-Чыгуначнай акрузе №19 Сяргеем Сямашкам. Актавая зала была перапоўненая. Сяргей Сямашка знаходзіўся ў прэзідыўме сходу, а потым трымаў перадвыбарчую прамову перад выбаршчыкамі. Нягледзячы на тое, што на сходзе прысутнічаў і іншы кандыдат у дэпутаты па гэтай акрузе Андрэй Левінаў, яму дырэктар гімназіі прадставіць слова адмовіўся, растлумачыўшы, што з нагоды Сяргея Сямашкі яму тэлефанавалі. Хто тэлефанаваў і з якой мэтай, растлумачыць адмовіўся.

У парушэнне дзеючага выбарчага заканадаўства сустрэчы праўладных кандыдатаў з выбаршчыкамі праводзяцца ў працоўны час. Выпадкі арганізацыі сустрэчаў ў час працы зафіксаваны ў Полацку, Бабруйску, Міёрах і іншых гарадах.

Так, работнікам бюджэтнай сферы гарадскога пасёлку Ветрына (Міёрская выбарчая акруга № 24) было настойліва рэкамендавана наведаць сустрэчу з праўладным кандыдатам у Палату прадстаўнікоў Уладзімірам Скавародкам 3 верасня а 15 гадзіне. У сувязі з гэтым “рэкамендатары” параілі перанесці ці ўвогуле адмяніць заняткі настаўнікаў Ветрынскай мастацкай школы.

Тая ж сітуацыя мела месца ў Полацку. 2 верасня кандыдат у дэпутаты па Полацкай-гарадской выбарчай акрузе №28 Пётр Южык (намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама) правёў сустрэчу з выбаршчыкамі на ТАА "Шкловалакно" у актавай зале вытворчасці №1. Пачатак сустрэчы - у разгар працоўнага дня (15 гадзін 15 хвілін).

У працоўны час была арганізаваная ў Бабруйску сустрэча праўладнага кандыдата з намеснікам галоўнага доктара гарадской бальніцы №1 Аленай Шамаль, якая балатуецца па Бабруйскай-Ленінскай выбарчай акрузе № 78. А вось кандыдату АГП Уладзіміру Сямашку разам з ёй выступіць не далі, аргументуючы немагчымасць як раз “працоўным часам”. Атрымоўваецца, тое, што адным кандыдатам можна, тое другім – нельга...

Прэтэнзіі да зместу друкаваных матэрыялаў

Віцебская дзяржаўная друкарня адмовіла кандыдату па Віцебскай-Горкаўскай акрузе №17 Тацяны Севярынец друкаваць яе інфармацыйныя ўлёткі, выкананыя на “тарашкевіцы”. Спадарыня Тацяна патлумачыла, што яна чытае і піша паводле традыцыі газэты “Наша Ніва”, але пагадзілася, каб ва ўлеткі ўнеслі праўку ў адпаведнасьці з сучасным беларускім правапісам. Праз пэўны час ёй патэлефанавалі з друкарні і выказалі прэтэнзіі ўжо да зместу ўлёткі. Начальніца вытворчага аддзелу заявіла, што ў яе выклікаюць сумнеў выкладзеныя ва ўлётцы статыстычныя звесткі – у прыватнасці, датычныя росту колькасці разводаў у Беларусі і тэндэнцыяў алкагалізацыі насельніцтва. Урэшце ў вытворчым аддзеле паведамілі пра неабходнасць “параіцца”, перш чым зрабіць друкаваныя матэрыялы на замову апазыцыйнай кандыдаткі.

Сстаршыня акруговай камісіі спадарыня Кароткіна раскрытыкавала праграму кандыдата ад Партыі БНФ Андрэя Юрковау, які балатуецца па выбарчай акрузе №81 (г. Горкі). Яна выказала меркаванне, што жаданне вярнуць льготы насельніцтву з’яўляецца распальваннем сацыяльнай варажнечы. Жаданне недапусціць будаўніцтва атамнай станцыі пад Горкамі яна лічыць няправільным, бо - адапаведна яе поглядам - атамная станцыя ніколі не выбухне, а кандыдат хлусіць насельніцтву аб тым, што ёсць такая магчымасць.

Газета “Рэспубліка” адмовілася публікаваць праграму трох кандыдатаў ад АГП — Анатоля Лябедзькі, Станіслава Багданкевіча і Ганны Ягоравай. Рэдакцыя заявіла, што прычына адмовы ў тым, што кандыдаты прадставілі перадвыбарчую платформу, а трэба праграма. Другой прычынай адмовы названа тое, што неабходна прадставіць не праграму трох кандыдатаў, а трэба, каб яна была разбітая на тры кавалкі.

Загучалі заклікі галасаваць датэрмінова

Толькі вызначыліся каныдаты, як СМІ пачалі заклікаць выбаршчыкаў галасаваць датэрмінова. Так, Віцебская абласная газета "Народнае слова" (заснавальнікі - Віцебскі абласны Савет дэпутатаў і абласны выканаўчы камітэт) на першай старонцы №102 ад 04.09.08г. заклікала выбаршчыкаў без тлумачэння прычын замест абвешчанай даты галасавання 28 верасня прагаласаваць датэрмінова з 23 па 27 верасня.Заклікала галасаваць датэрмінова ў №102 ад 04.09.08г. і іншая абласная газета "Віцебскі рабочы" (заснавальнік -- Віцебскі аблвыканкам). Без тлумачэння прычын галасаваць датэрмінова неаднаразова заклікала і абласное радыё. 2 верасня галасаваць датэрмінова заклікалі на пашыранай нарадзе ветэранскага актыву вобласці, прапрэзідэнцкіх аб'яднанняў КПБ, "Белая Русь", БРСМ, прафсаюзаў, асацыяцыі былых малалетніх вязняў, Беларускага фонду міру. А гэта вялікі пласт выбаршчыкаў, толькі ветэранаў у вобласці 350 тысяч.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства