viasna on patreon

Эўрасаюз заварушыўся

2008 2008-09-05T15:38:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be


Кіраўнікі дыпляматычных ведамстваў краінаў ЭС у суботу абмяркуюць пытаньне аб скасаваньні санкцый супраць Беларусі. Ініцыятарам дыскусіі выступіла Польшча. Пра гэта ў пятніцу паведаміў у Авіньёне міністар замежных справаў гэтай краіны Радаслаў Сікорскі.

«Я мяркую, што мы павінны паскорыць прыняцьце гэтага рашэньня, бо сытуацыя зьмяняецца. Палітвязьняў больш няма. Гаворка пра тое, каб правесьці дыскусію па выпрацоўцы дарожнай карты нармалізацыі адносінаў зь Беларусьсю», - дадаў ён.

Ён аргумэнтаваў прапанову тым, што ЭС нядаўна зьняў санкцыі з Кубы, дзе застаецца амаль 300 палітвязьняў, а супраць Беларусі санкцыі захоўвае.

«У параўнаньні з Кубай Беларусь, хоць яна яшчэ й далёкая ад нашых стандартаў, мае нашмат свабаднейшы рэжым, у якім можна весьці бізнэс, можна падарожнічаць і няма палітычных вязьняў», - сказаў Сікорскі.

Эўрасаюз настойвае, што самым важным тэстам для Беларусі будуць зараз выбары 28 верасьня.

Што да санкцый, то яны распаўсюджваюцца на 41 прадстаўніка беларускай адміністрацыі, у тым ліку А. Лукашэнку. Ім забаронены ўезд у ЭС, замарожаныя іхныя актывы.


Як у пятніцу паведамілі «Нашай Ніве» у прэс-службе пасольства ЗША ў Менску, новыя крокі насустрач Беларусі зрабілі і амэрыканцы. Міністэрства фінансаў гэтай краіны зьняло на шэсьць месяцаў санкцыі супраць прадпрыемстваў «Лакафарба» і «Шкловалакно».

Гэта стала магчыма пасьля таго, як афіцыйны Менск пайшоў на вызваленьне палітвязьняў. Гэты крок вітаўся Вашынгтонам як пазытыўны.

Ня выключана, што адменай санкцый супраць двух гэтых прадпрыемстваў справа не абмяжуецца, і да канца тыдня амэрыканскія ўлады абвесьцяць аб новых саступках у эканамічнай сфэры. Маецца на ўвазе размарожваньне рахункаў «Белнафтахіму», але тут яшчэ няма канкрэтыкі.

Нагадаем, што санкцыі супраць лідзкай «Лакафарбы» і полацкага «Шкловалакна» былі ўведзеныя 15 траўня ў дадатак да эканамічных санкцый у дачыненьні канцэрну «Белнафтахім».

Варта адзначыць, што на пазамінулым тыдні Менск наведваў намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Дэвід Мэркел.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства