Суд арыштаваў кватэру лідэра АГП
Суд Цэнтральнага раёну Мінску наклаў арышт на кватэру старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Анатоля Лябедзькі.
Судовыя ўлады матывавалі гэта тым, што ў палітыка як у заяўніка маецца вызначаная судом запазычанасць перад гарадскімі ўладамі і дзяржаўнымі прадпрымествамі па замяшчэнні ўрону, быццам бы панесенага ў часе Еўрапейскага маршу яшчэ ў кастрычніку мінулага году. Як заявіў Анатоль Лябедзька, усе штрафы даўно сплочаныя.
"Звяртае на сябе ўвагу тое, што гэта ўсё ж кропкавыя дзеянні. Заяўнікаў Еўрапейскага маршу сем ці восем, аднак, такія праблемы ўзніклі чамусці толькі ў мяне. Адным рашэннем мне паведамілі, што на падставе таго, што быццам бы я не разлічыўся з дзяржавай і прадпрыемствамі і за мной лічыцца штраф, мяне зрабілі невыязным, а другое рашэнне, якое дайшло да мяне толькі зараз, што накладзены арышт на маю кватэру".
Анатоль Лябедзька звярнуў увагу на тое, што старшыня суда Цэнтральнага раёну Самасейка з’яўляецца ягоным апанентам па выбарчай акрузе. "Літаральна сёння, зараз я напісаў афіцыйны зварот да яго як менавіта да старшыні суда Цэнтральнага раёну, дзе я патрабую, каб былі спыненыя незаконныя дзеянні, і прыкладаю копіі тых квітанцыяў, якія сведчаць, што ніякага доўгу ні перад дзяржавай, ні перад кімсці з суб’ектаў гаспадарання ў мяне на сённяшні дзень не існуе і не існавала ўвесь гэты час. Я спрабаваў знайсці судовага выканаўцу, дык мне сказалі, што яна адразу пасля гэтага звольнілася з працы".
Варта адзначыць, што рашэнне аб накладанні арышту на кватэру Анатоля Лябедзькі прымала суддзя Алена Ільіна, добра вядомая шырокай грамадскасці тым, што выносіла абвінаваўчыя прысуды па гучных справах экс-дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава і моладзевага актывіста Андрэя Кіма, якія былі пакараныя пазбаўленнем волі і прызнаныя "Міжнароднай амністыяй" вязнямі сумлення, а таксама па рэзананснай "Справе 14-ці" над удзельнікамі студзеньскіх акцыяў пратэсту прадпрымальнікаў.