Смаргонь: Мікалай Уласевіч спадзяецца на Вярхоўны суд
Мікалай Уласевіч 8 верасня падаў у Вярхоўны суд скаргу, у якой абскарджвае адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты ПП НС.
Рашэннем акруговай камісіі Смаргонскай выбарчай акругі №59 Мікалаю Уласевічу, вылучэнцу ад АГП, 28 жніўня было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты ПП НС РБ. Падставай для адмовы сталі нібыта недакладныя звесткі ў дэкларацыі аб прыбытках. У дэкларацыі не быў указаны дом, які нібыта знаходзіцца ў сумеснай уласнасці Мікалая Уласевіча і ягонай жонкі Раісы. Насамрэч гэты жылы дом не знаходзіцца ў іх уласнасці. Таксама акруговая камісія палічыла, што Мікалай Уласевіч не ўказаў у сваіх прыбытках атрыманне субсідзіі з Фонду сацыяльнай абароны для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Сп. Уласевіч лічыць што атрыманая ім субсідзія з’яўляецца не прыбыткам, а звычайнай ільготай, бо гэтыя грошы ён атрымаў не ад вытворчай ці якой іншай дзейнасці. Гэтая - кампенсацыя беспрацоўным выдаткаў на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці, і як крэдыт ці ссуда не абкладаецца падаткамі.
29 жніўня сп. Уласевіч падаў скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію, і 4 верасня адна з падставаў для адмовы ў рэгістрацыі была знятая. Цэнтрвыбаркам прызнаў неабгрунтаванымі сцверджанні аб тым, што Мікалай і Раіса Уласевічы валодаюць у прыватнай сумеснай уласнасці жылым домам у в. Варняны. Пры гэтым ЦВК пакінула ў сіле рашэнне акруговай камісіі аб прызнанні субсідзіі незадэклараваным прыбыткам.
Калі і Вярхоўны суд не падтрымае доказы Мікалая Уласевіча, выбары ў Смаргонскай выбарчай акрузе №59 можна будзе лічыць адбыўшыміся, бо ўжо зараз будзе вядомы пераможца - кандыдат Таццяна Голубева, для якой гэта будзе ўжо трэці дэпутацкі тэрмін.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”