Апазіцыянеры не будуць прасіць дазволу ўладаў на перадвыбарныя акцыі
Анатоль Лябедзька, каб дакрычацца да выбарцаў, пойдзе з мегафонам у метро. Яраслаў Берніковіч без дазволу ўладаў будзе ладзіць штодзённыя пікеты. Сяргей Калякін плануе перахапіць выбарцаў на выйсці з крамы “Рыга”. Мікола Статкевіч паедзе ў тур па Беларусі. А Сяргей Вазьняк усе магчымыя забароны выканкамаў на пікеты кандыдатаў называе незаконнымі.
Да выбараў у Палату прадстаўнікоў засталося не так шмат часу. І гэтыя дні ўсе кандыдаты ў дэпутаты павінны выкарыстаць максімальна эфектыўна, каб данесці да выбарцаў свае абяцанні ды праграмы і дабіцца іх падтрымкі. Еўрарадыё вырашыла даведацца, якімі сродкамі прэтэндэнты плануюць прыцягваць да сябе ўвагу выбарцаў.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька акрамя таго, што плануе прыйсці ў кватэру да кожнага з выбаршчыкаў сваёй акругі, хоча арганізаваць пікеты на плошчы Каліноўскага (Кастрычніцкай) і спусціцца з мегафонам у метро.
Анатоль Лябедзька: “Я не буду прытрымлівацца правіл, якія навязвае Ярмошына і беларуская ўлада. Таму мы плануем правядзенне, паглядзім, колькі атрымаецца, пікетаў у самым сэрцы сталіцы – на плошчы Каліноўскага – гэта акурат мая выбарчая акруга. Па-другое, я планую проста пайсці ў беларускае метро, апусціцца пад зямлю да людзей. Узяць у рукі гукаўзмацняльную апаратуру і гаварыць пра АДС, пра наша пасланне. А мяркую, што гэта будзе максімальна прыбліжана да людзей, якія едуць на працу і з працы і маюць магчымасць атрымаць інфармацыю”.
Прычым, дазволу ні на правядзенне пікетаў, ні на флэш-моб у метро палітык прасіць ва ўладаў і кіраўніцтва метрапалітэна не збіраецца.
Анатоль Лябедзька: “У нас ні пляц Каліноўскага, ні метро не з’яўляюцца нейкімі спецыяльнымі аб’ектамі, дзе стаяць ахоўнікі і сцерагуць дзяржаўныя сакрэты. Там выбаршчыкі. А дзе ёсць выбаршчыкі – там у нас павінна быць магчымасць працы з імі”.
Не абыйдзецца без сустрэч з людзьмі на прадпрыемствах і паходаў па кватэрах выбарцаў Глыбоцкай выбарчай акругі і перадвыбарны марафон кандыдата ад Партыі БНФ Яраслава Берніковіча. Акрамя таго, ён таксама збіраецца ладзіць штодзённыя пікеты.
Яраслаў Берніковіч: “Будуць штодзённыя пікеты, але тады, калі будуць гатовыя ўлёткі. Заяўкі на пікеты мы падаваць не будзем, будзем праводзіць іх там, дзе захочам. Раней мы заўсёды падавалі заяўкі і нам адмаўлялі. Цяпер я ведаю, што калі я падам заяўку, то мне не адмовяць. Ну, я і не буду яе падаваць! Я думаю, што праблем з міліцыяй не будзе”.
Арыгінальнай піяр-акцыяй стала адмова рэгіянальнага палітыка ад эфіру на канале “Лад”. Кажа, ён проста не ўбачыў у ім сэнсу.
Яраслаў Берніковіч: “Сэнсу вялікага няма, а ехаць 400 кіламетраў дзеля 5 хвілін проста не было варта”.
Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін пікетаў, мітынгаў і перадвыбарных канцэртаў ладзіць не збіраецца. Але сустракацца з выбарцамі будзе.
Сяргей Калякін: “Мы іх будзем праводзіць шмат на якіх пляцоўках у акрузе. І каля крамы “Рыга”, і практычна па ўсёй вуліцы Багдановіча”.
Адмаўляцца ад выступаў у дзяржаўных СМІ палітык не збіраецца. Кажа, хоць якіх 100 тысяч чалавек, але “Лад” глядзяць і яго выступ пабачаць. А каб паразмаўляць з кожным з гэтых 100 тысяч без тэлевізара, гаворыць палітык, неабходны цэлы год.
Каардынатар “Еўрапейскай кааліцыі” Мікола Статкевіч у якасці кандыдата ў дэпутаты з перадвыбарнага марафона фактычна выпаў – Цэнтарвыбаркам яго не зарэгістраваў. Але і ён на развітанне вырашыў адзначыцца гучнай акцыяй: пайсці з паперай аб адмове ў рэгістрацыі ў Вярхоўны суд.
Мікола Статкевіч: “Туды я планую запрасіць усіх палітычна асуджаных, чые правы парушаныя. Гаворка ідзе не пра мяне, бо мая праз 11 месяцаў будзе знятая, але ёсць вялікая колькасць людзей, якія гэтую судзімасць будуць мець доўга”.
Палітык уваходзіць у склад амаль 20 ініцыятыўных груп сваіх паплечнікаў. І пасля звароту ў суд плануе здзейсніць вандроўку па ўсёй Беларусі і паўдзельнічаць у сустрэчах з выбарцамі ды пікетах іншых кандыдатаў ад “Еўрапейскай кааліцыі”.
Адзін з лідэраў ПКБ Сяргей Вазьняк робіць стаўку “на ногі” і пікеты, дазволу на правядзенне якіх таксама ні ў каго пытацца не збіраецца.
Сяргей Вазьняк: “Вырабім плакаты і выставім іх у буйных населеных пунктах акругі, якіх усяго 5. Ні ў каго нічога пытаць не буду. Я дзейнічаю па выбарчым заканадаўстве і на пастановы выканкама, якія не больш, чым падзаконныя акты, я проста не збіраюся звяртаць увагі”.
На думку палітыка, пасля 4-х гадоў татальнай агітацыі супраць прадстаўнікоў апазіцыі 5 хвілін на тэлебачанні і радыё нічога змяніць у галовах людзей не дапамогуць. Але і адмаўляцца ад іх ён не збіраецца.