Вiталь КАРАТЫШ: «Здымацца з выбараў я не збiраюся»
Незалежна ад таго, цi стане 24-гадовы Вiталь Каратыш дэпутатам Палаты прадстаўнiкоў, у найноўшую гiсторыю Беларусi ягонае iмя будзе запiсана дакладна. Справа ў тым, што хлопец, якi балатуецца ў дэпутаты ў Лунiнцы, стаў першым у гiсторыi прэтэндэнтам на дэпутацкi мандат, якi непасрэдна ў ходзе выбарчай кампанii быў прызваны ў войска...
— Аб тым, што я магу быць прызваны ў войска, я ведаў яшчэ да пачатку выбарчай кампанii, — распачаў Вiталь. — Праўда, падчас медыцынскай камiсii мне паведамiлi, што я магу не трапiць у армiю з-за праблем са здароўем. У мяне праблемы з сэрцам. Пасля таго, як я прайшоў медыцынскую камiсiю ў першы раз, паўстала пытанне аб маiм камiсаваннi. Аднак камусьцi вельмi хацелася адправiць мяне ў войска, i таму я быў накiраваны на дадатковае абследаванне...
— Тым не менш вы сталi збiраць дакументы на рэгiстрацыю ўласнай iнiцыятыўнай групы...
— Так. Даведаўшыся, што выбарчая камiсiя маю iнiцыятыўную групу зарэгiстравала, я пайшоў атрымлiваць адпаведнае пасведчанне. Лiтаральна праз гадзiну пасля таго, як я атрымаў дазвол на збор подпiсаў, мне патэлефанавалi з ваенкамата. У вайскоўцаў да мяне раптоўна ўзнiклi нейкiя "тэхнiчныя" пытаннi. I я падумаў, што пытанне аб маім камiсаванні вырашана. Але высветлiлася, што мяне забiраюць у войска...
Асабiста начальнiк нашага Лунiнецкага ваенкамата праводзiў мяне па кабiнетах урачоў... Усё рабiлася вельмi хутка. Праўда, не ўсе дактары адразу пагаджалiся паставiць свой подпiс пад маiм накiраваннем у войска. Так, доктарка-кардыёлаг, ведаючы, што ў мяне праблемы з сэрцам, доўга ўпiралася... Але кампрамiс быў знойдзены. Пасля таго, як мой абхадны лiст падпiсала старшыня медыцынскай камiсii, здалася i яна. Мне паставiлi трэцюю (самую "горшую") ступень прыгоднасцi для службы ў армii, i я адправiўся служыць...
— Чуў, што вас хацелi адправiць служыць у нейкую, ледзьве не сакрэтную часць, але ў самы апошнi момант перанакiравалi… Чаму?
— Тут увогуле дзiўная гiсторыя выйшла. Прадстаўнiк адной з брыгад сакрэтнай сувязi хацеў забраць мяне з сабой. Селi. Пагутарылi. Па ступенi адукаванасцi я iм падыходзiў. Але, даведаўшыся, што я "фронтавец", ад маiх паслуг рэзка адмовiлiся. Вiдаць, спужалiся, што я завалодаю нейкай сакрэтнай iнфармацыяй... Начальнiк ваенкамата ўпрошваў вiзiцёра забраць мяне, а той не пагадзiўся... Таму мяне i перанакiравалi.
Служу я пад Асiповiчамi ў ракетнай брыгадзе №465. Служыцца нармальна, камандаванне ставiцца да мяне добра. Без праблем адпусцiлi праводзiць агiтацыю...
Шчыра кажучы, думаў, што будзе горш. Што да дзедаўшчыны, то яе ў войску няма - проста выхоўваецца i замацоўваецца павага да старэйшых.
Рашэнне аб удзеле ў выбарах для мяне, канечне, свядомы выбар. Людзi хочуць перамен. Гэта адчувалася i падчас збору подпiсаў, адчуваецца гэта i зараз. Выбаршчыкi, з якiмi ўдаецца сустракацца, добра разумеюць сiтуацыю, iм i тлумачыць асаблiва нiчога не трэба. Дарэчы, многiя разумеюць i тое, з якой мэтай я быў тэрмiнова прызваны ў армiю...
— Вiталь, мяркуючы па ўсiм, вы збiраецеся ў гэтай выбарчай кампанii прайсцi да канца. У той жа час Сойм Партыi БНФ, сябрам якой вы з'яўляецеся, прыняў рашэнне аб зняццi сваiх кандыдатаў...
— На Сойме я выступiў супраць таго, каб кандыдаты нашай партыi здымалiся з выбараў. На маю думку, такое непрадуманае рашэнне паставiць партыю ў смешнае становiшча. Выбаршчыкi гэтага кроку не зразумеюць. Аргументы, якiя гучалi ў адказ, мяне здзiвiлi. Ну вось, напрыклад: "Нам лепш зняцца, чым атрымаць 3—4% галасоў".
Але на сённяшнi дзень я магу не падпарадкоўвацца партыйнаму рашэнню. Як гэта нi дзiўна, але ў гэтым мне дапамагла дзяржава. Справа ў тым, што вайскоўцы тэрмiновай службы па законе не могуць з'яўляцца сябрамi арганiзацыi, якая пераследуе палiтычныя мэты... Таму перад партыяй я "чысты". Свой шлях у гэтай выбарчай кампанii я прайду да канца, здымацца не буду дакладна, бо лiчу, што сёлетняя выбарчая кампанiя дае, як нiколi, вялiкi шанец трапiць у парламент...