Гродзенскай АГП вярнулі канфіскаваную тэхніку
Супрацоўнікі гарадзенскай міліцыі вярнулі канфіскаваную кампутарную тэхніку абласной суполцы Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Сістэмны блёк і ксэракс міліцыянты канфіскавалі падчас вобшука, які адбыўся на офісе АГП у студзені бягучага года.
Больш за паўгады спатрэбілася сябрам Гродзенскай абласной суполкі АГП на тое, каб вярнуць канфіскаваную тэхніку. Шматлікія звароты не давалі ніякіх вынікаў пакуль старшыня суполкі Юрый Істомін не звярнуўся з адмысловай заявай да кіраўніцтва гарадзенскіх праваахоўных ворганаў.
Дэмакратычны актывіст папярэдзіў міліцыянтаў аб тым, што не вяртаючы тэхніку яны перашкаджаюць праводзіць выбарчую кампанію - у Гародні ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі вылучаюцца 2 кандыдаты ў дэпутаты. Пачуўшы пра перашкоду ў правядзенні выбараў супрацоўнікіі міліцыі на працягу сутак станоўча вырашылі пытанне і вярнулі тэхніку гаспадарам.
На сённяшні дзень Упраўленне КДБ па Гродзенскай вобласці адмаўляецца вяртаць кампутарную тэхніку гарадской суполцы партыі БНФ і інтэрнэт-выданню Пагоня. Прычым, супрацоўнікаў камітэта дзяржаўнай бяспекі не ўразіў ліст з Генеральнай пракуратуры, у якім прадпісваецца вярнуць тэхніку ўладальнікам.