У знак пратэсту супраць хвалі адлічэньняў з навучальных установаў, у тым ліку з сярэдніх школаў, 25 траўня чатыры сябры жодзінскага Маладога Фронту абвясьцілі галадоўку.
Пра гэта паведамляе партал http://belngo.info/cgi-bin/i.pl?id=925
У ліку ўдзельнікаў акцыі знаходзіцца непаўнагадовы Сяржук Мурашка, якога на мінулым тыдні адлічылі з палітэхнічнага каледжу. Кіраўніцтва Маладога Фронту заяўляе, што ў выпадку невыкананьня ў найбліжэйшы час законных патрабаваньняў галадоўнікаў, жодзінская акцыя набудзе нацыянальны характар.
Паводле словаў Паўла Красоўскага, старшыні жодзінскай арганізацыі Маладога Фронту, за апошні месяц з палітычных прычынаў былі адлічаныя: Кірыл Шымановіч — з юрыдычнага каледжу БДУ, Сяржук Мурашка — з палітэхнічнага каледжу, Алесь Смольскі — з сувораўскай вучэльні, Сяржук Савіч — з акадэміі ўнутраных справаў, Зьміцер Чарткоў — з мастацкай акадэміі. Літаральна ўчора, 24 траўня, з Плешчаніцкай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзэрву адлічылі Паўла Карэнюхіна. Сябрам МФ Натальлі Максімавай і Вользе Галубец, якія вучацца ў Жодзінскай жаночай гімназіі, пагражаюць тым, што дзяўчаты будуць пазбаўленыя магчымасьці працягваць навучаньне.
На знак пратэсту супраць рэпрэсіўных дзеяньняў уладаў, Зьміцер Чарткоў, Яўген Валкавец, Алесь Вінаградаў і непаўнагадовы Сяржук Мурашка абвясьцілі галадоўку. Яны лічаць гэта адзінай магчымасьцю адстаяць сваё права на навучаньне. Удзельнікі галадоўкі заяўляць, што акцыя скончыцца толькі пасьля прадастаўленьня магчымасьці працягнуць навучаньне Сяржуку Мурашку, а таксама пасьля спыненьня ўціску на Натальлю Максімаву і Вольгу Галубец. Яны спадзяюцца, што такім чынам ім удасца спыніць рэпрэсіі супраць маладзёнаў, чые палітычныя погляды разыходзяцца з ўладнай палітыкай.
Напярэдадні галадоўкі жодзінскія маладафронтаўцы зьвярнуліся ў мясцовы гарвыканкам з патрабаваньнем спыніць рэпрэсіі супраць сваіх калегаў. Пад зваротам падпісаліся некалькі дзесяткаў маладых людзей. Але ўлады пакуль ніякім чынам не адрэагавалі на заяву. Разам з тым, жодзінскія дворнікі добрасумленна пазрывалі ўсе інфармацыйныя ўлёткі, разьвешаныя па горадзе, у якіх паведамлялася пра маладафронтаўскую акцыю галадаваньня.
Намесьнік сустаршыняў МФ Сяржук Лісічонак заяўляе пра тое, што кіраўніцтва Маладога Фронту ў любы момант гатовае далучыцца да акцыі сваіх жодзінскіх калегаў. У бліжэйшы час у Жодзіна накіруецца дэлегацыя зь Менску, якая будзе назіраць за станам галадоўнікаў, праводзіць перамовы зь мясцовымі ўладамі і адміністрацыямі навучальных установаў з мэтай вырашэньня канфлікту.
У першы дзень галадоўкі ўдзельнікі акцыі пачуваюць сябе добра і маюць намер да канца адстойваць свае правы і правы сваіх калегаў. Усе чатыры чалавекі знаходзяцца разам, каб падтрымліваць адно аднаго і сачыць за станам здароўя. Як нам стала вядома, у бліжэйшы час галадоўнікі зьбіраюцца разьбіць намётавы гарадок.