Адміністрацыя магілёўскага ўніверсітэта агітуе за кандыдата ад улады
У залі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта 9 верасня адбылася сустрэча з кандыдатамі ў дэпутаты па Магілёўскай цэнтральнай акрузе. Але на сустрэчы прысутнічаў толькі адзін кандыдат — Аляксандр Юшкевіч, які дагэтуль быў дэпутатам у Крычаве.
Па цэнтральнай акрузе балатуецца 6 чалавек. Чаму з усіх кандыдатаў на сустрэчы прысутнічаў толькі адзін? Адміністрацыя ўніверсітэта паведаміла, што запрашала на сустрэчу ўсіх, але яны не прыйшлі.
Кандыдат Аляксандр Сілкоў, выпускнік гэтага ўніверсітэта, распавёў Еўрарадыё, што не быў запрошаны на сустрэчу.
“Гэта хлусня, якая не ўпрыгожвае выкладчыкаў майго ўніверсітэта. Як вы думаеце, няўжо я, чалавек, які скончыў гэты ўніверсітэт, вёў актыўны лад жыцця ва ўніверсітэце, быў прэзідэнтам студэнцкай лігі па міні-футболе, капітанам каманды КВЗ, быў памочнікам дэпутата. І я не прыйшоў бы сустрэцца са студэнтамі? Вось мне чаму крыўдна. Я сёння схаджу туды пагавару. Я ніколі не думаў, што людзі з вышэйшай адукацыяй апусцяцца да такой хлусні."