Брэст: Кандыдат скардзіцца на пашкоджанне агітацыйных матэрыялаў
Кандыдат у дэпутаты па Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе № 3, старшыня абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі накіраваў у міліцыю заяву з нагоды пашкоджання ягоных агітацыйных матэрыялаў.
Як паведаміў Маслоўскі, дакумент адрасаваны ў аддзел унутраных спраў адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста, на тэрыторыі якога знаходзіцца акруга № 3, а копіі — у акруговую выбарчую камісію і назіральнікам АБСЕ.
"Мае перадвыбарчыя плакаты пашкоджваюцца невядомымі на ўсіх рэкламных тумбах, якія вызначаныя адміністрацыяй раёна для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў. Гэта з'яўляецца парушэнем артыкула 45 Выбарчага кодэкса, згодна з якім не дапускаецца зняццё, заклейванне, замазванне, пашкоджанне плакатаў, калі яны выраблены і размешчаны згодна з патрабаваннямі беларускага законадаўства", — адзначыў Ігар Маслоўскі.
Кандыдат дадаў да заявы ў міліцыю фотоздымкі, якія падцвердзілі факты пашкодвання ягоных агітацыйных матэрыялаў. Ён прасіў прыняць меры па спыненні супрацьпраўных дзеянняў, а таксама прыцягнуць да адказнасці вінаватых.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”