viasna on patreon

Менск: Ярмошына асабіста аддала незаконны загад аб нумарацыі выбарчых участкаў

2008 2008-09-11T18:32:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Нумарацыя выбарчых участкаў Менску зроблена з парушэннем патрабаванняў Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

У № 137 (1509) газеты "Минский курьер" за 29 ліпеня 2008 года было апублікавана апісанне межаў участкаў для галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання двадцаці акругаў Менску, зацверджанае рашэннямі раённых адміністрацыяў. З гэтага апісання вынікае, што ўсе выбарчыя ўчасткі сталіцы пранумараваныя з №1 па №695. Але паводле часткі 2 артыкула 42 Выбарчага кодэксу акруговыя выбарчыя камісіі на тэрыторыі адпаведнай акругі вызначаюць адзіную нумарацыю ўчасткаў для галасавання. То бок, нумарацыя ўчасткаў кожнай акругі павінна пачынацца з №1 і такіх выбарчых участкаў №1 у Менску павінна быць 20.

"Скразную" нумарацыю ўчасткаў можна расцэньваць як сведчанне таго, што яна рабілася цэнтралізавана. Бо ў адваротным выпадку яе цяжка назваць рацыянальнай. Паколькі на тэрыторыі розных акругаў знаходзіцца розная колькасць участкаў, то пры іх стварэнні і нумарацыі ў акруговых камісіяў узнікалі б дадатковыя цяжкасці. Для гэтага адным акруговым камісіям патрэбна было б "гадаць", на якім нумары заканчваюцца ўчасткі папярэдніх акругаў. Як вынік мы маем яшчэ адно парушэнне Выбарчага кодэксу. Бо паводле часткі 5 артыкула 18 утварэнне ўчасткаў для галасавання пры правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляецца мясцовымі адміністрацыямі, але – па ўзгадненні з акруговымі выбарчымі камісіямі. Вызначаная ў Менску нумарацыя ўчасткаў прыводзіць да высновы, што акруговыя выбарчыя камісіі да вызначэння нумарацыі ніякіх дачыненняў не мелі.

Калі пытанне наконт прымянення такой нумарацыі было ўзнята на паседжанні Цэнтральнай камісіі, Лідзія Ярмошына паведаміла, што гэта яе загад. Яна патлумачыла, што менавіта такі спосаб нумарацыі быў абраны дзеля таго, каб "было лягчэй": маўляў, калі ў Менску будзе 20 участакаў №1, 20 участкаў №2 і г.д., то пачнецца блытаніна.

Натуральна, паўстала пытанне: каб каму і ў чым "было лягчэй"? І адказ на яго знойдзены – калі ўзгадаць сітуацыю з так званымі куратарамі з ліку прадстаўнікоў раённых адміністрацыяў.

Так, напрыклад, ёсць інфармацыя, што намеснік главы Адміністрацыі Фрунзенскага раёна Козел Г.У., які афіцыйна ўваходзіць у склад толькі адной (102-ой) акруговай камісіі, "курыруе" ўсе 4, утвораныя на тэрыторыі раёна – Адзінцоўскую №101, Сухараўскую №102, Масюкоўшчынскую № 103 і Кальварыйскую № 104. Калі б нумарацыя выбарчых участкаў праводзілася ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства, "куратары" сапраўды заблыталіся б. Ім давялося б трымаць пад пільным наглядам адразу некалькі ўчасткаў з аднолькавымі нумарамі, што, зразумела, вельмі нязручна.

Такая "палёгка", канешне, прыйшлася да спадобы мясцовым уладам, якія ўтваралі выбарчыя ўчасткі. Але старшыня Цэнтральнай камісіі абыйшла адну вельмі важную акалічнасць: каб аддаць такі загад, спачатку трэба было ўнесці адпаведныя змены ў Выбарчы кодэкс. У адваротным выпадку існуючая нумарацыя выбарчых участкаў лічыцца незаконнай.

Па дадзеным факце ў Пракуратуру Рэспублікі Беларусь накіраваная заява з просьбай прыняць меры па аднаўленні законнасці, усталяванні прадугледжанай Выбарчым кодэксам нумарацыі ўчасткаў па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання ў Менску.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства