viasna on patreon

Перадвыбарныя праграмы двух кандыдатаў на Гомельшчыне не будуць надрукаваныя

2008 2008-09-15T09:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Мазырская раённая дзяржаўная газета «Жыццё Палесся» (Гомельская вобл.) адмовілася друкаваць перадвыбарныя праграмы кандыдатаў ў дэпутаты па мясцовай — Палескай №43 – выбарчай акрузе. Паводле адказнага сакратара выдання Святланы Данільчанкі, кандыдаты Мікалай Гаўрыленка, прадстаўнік Аб’яднаных дэмакратычных сіл, і Сяргей Канопліч, які да гэтага працаваў старшынём Ельскага райвыканкама, несвоечасова прадаставілі ў рэдакцыю тэксты сваіх зваротаў.

«Не будзем друкаваць выступ Мікалая Гаўрыленкі, бо ён прынёс яго пазней чым праз тры дні пасля рэгістрацыі. Мы ведаем, што ён быў зарэгістраваны 28 жніўня. Павінен быў прынесці да 30 жніўня, а прынёс 5 верасня. Да таго ж, і аб’ём перавысіў», — заявіла С. Данільчанка.

Па словах адказнага сакратара мазырскай раёнкі, праграма другога кандыдата ў дэпутаты па гэтай акрузе, Сяргея Канопліча, таксама не будзе друкавацца ў «Жыцці Палесся» з-за парушэння тэрмінаў падачы тэксту.

Такім чынам, частка выбарчай акругі застанецца без інфармацыі пра перадвыбарныя праграмы сваіх кандыдатаў.

Рэдактар ельскай раённай дзяржаўнай газеты «Народны голас» Мікалай Неўмяржыцкі паведаміў карэспандэнту службы маніторынгу БАЖ, што ў яго выданне абодва вылучэнцы прынеслі свае праграмы своечасова: «За дваццаць дзён да дня выбараў, як гэта і прадугледжана законам – 2 і 3 верасня».

Паводле кіраўніка «Народнага голасу», выступы будуць надрукаваныя ў суботу, 13 верасня, на першай старонцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства