Праваабарончы цэнтр “Вясна” пратэстуе супраць падрыхтоўкі ўладамі масавых рэпрэсій у перыяд выбарчай кампаніі
Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Заява
Праваабарончы цэнтр “Вясна” пратэстуе супраць падрыхтоўкі ўладамі масавых рэпрэсій у перыяд выбарчай кампаніі
У Праваабарончы цэнтр “Вясна” быў перададзены дакумент пад назвай “Рашэнне на забеспячэнне аховы правапарадку і дарожнай бяспекі ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення на тэрыторыі Брэсцкай вобласці выбараў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання”, зацверджаны начальнікам УУС Брэсцкага аблвыканкама палкоўнікам міліцыі В.Л. Красніченкам і ўзгоднены з начальнікам УКДБ па Брэсцкай вобласці палкоўнікам Л.Н. Дзядковым і пракурорам Брэсцкай вобласці, старэйшым дарадцам юстыцыі С.К. Хмаруком.
З гэтага дакумента, датаванага 7 жніўня 2008 года , стала вядома аб стварэнні на тэрыторыі Брэсцкай вобласці Сітуатыўна-аператыўнага штаба (САШ) УУС “у мэтах каардынацыі дзеянняў сіл і сродкаў, задзейнічаных на ахову правапарадку ў перыяд правядзення выбарчай кампаніі 2008 года”. У гэты штаб увайшлі прадстаўнікі розных структурных падраздзяленняў абласнога УУС.
Акрамя мерапрыемстваў, якія сапраўды з’яўляюцца неабходнымі для забяспечання грамадскага парадку і бяспекі грамадзян у перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў, пазначаныя і такія, што выклікаюць вялікую занепакоенасць і пратэст Праваабарончага цэнтру “Вясна”, паколькі з’яўляюцца дакументальна пацверджаным сведчаннем падрыхтоўкі да масавых рэпрэсій супраць палітычных апанентаў улады і іншадумцаў.
Паводле дадзенага дакумента, розным структурным падраздзяленням і іх кіраўнікам ставіцца задача на правядзенне наступных мерапрыемстваў:
прыняць:
прывентыўныя меры па папярэджанні магчымых правакацыйных дзеянняў, нейтралізацыі грамадзян, які выношваюць замыслы сарваць, дэзарганізаваць падрыхтоўку і правядзенне выбараў ці ажыццявіць акцыі па дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў, у тым ліку з боку нефармальных моладзевых груповак;
арганізаваць:
працу са спецапаратам, арыентаваўшы яго на выяўленне асобаў, схільных да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў, у тым ліку правядзення несанкцыянаваных мерапрыемстваў;
арганізаваць:
сваечасовае інфармаванне САШ УУС аб перасоўванні деструктыўна настроеных грамадзян чыгуначным транспартам;
правесці:
працоўныя сустрэчы са старшынямі судоў па пытаннях скарачэння колькасці прымянення да асобаў, якія здзейснілі правапарушэнні, спагнанняў у выглядзе адміністратыўных арыштаў на час правядзення выбараў;
паставіць:
ў абавязкі падраздзяленням дарожна-патрульнай службы ДАІ адсочванне на маршрутах патрулявання фактаў расклейвання ўлётак, перавозкі друкаваных выданняў, вырабленых з парушэннем устаноўленага заканадаўства, вывешвання сцягоў неўстаноўленай сімволікі і недапушчэнне надпісаў на фасадах будынкаў і збудаванняў, правядзення несанкцыянаваных мерапрыемстваў;
арганізаваць кантроль за правядзеннем:
прафілактычных размоваў з паштальёнамі аддзяленняў сувязі, старастамі сельскіх саветаў аб недапушчальнасці правядзення з іх боку незаконнай агітацыі і распаўсюду друкаваных матэрыялаў антыдзяржаўнага зместу, сваечасовага інфармавання праваахоўных органаў пры выяўленні грамадзян, якія займаюцца антыдзяржаўнай агітацыяй і заклікаюць да байкоту выбараў;
арганізаваць узаемадзеянне
з УКДБ Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці і тэрытарыяльнымі аддзеламі на перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў – па пытаннях кантролю за перамяшчэннем і знаходжаннем замежных грамадзян, аператыўнага кантролю за лідэрамі дэструктыўных сіл, асобамі, які задумваюць тэрарыстычныя акты;
забяспечыць:
сваечасовае адсочванне і прадстаўленне па факсу ў САШ УУС негатыўнай інфармацыі, надрукаванай у сродках масавай інфармацыі, якая датычыцца падрыхтоўкі і правядзення выбараў.
У Праваабарончага цэнтру “Вясна” ёсць усе падставы меркаваць, што падобныя штабы УУС створаны ва ўсіх абласцях краіны. Зыходзячы з аналізу дадзенага дакумента, Праваабарончы цэнтр “Вясна” прыходзіць да наступных высноваў:
-- перад сілавымі ведамствамі краіны ў чарговы раз ставіцца задача аб адсочванні і правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у дачыненні да прадстаўнікоў апазіцыйных рухаў і партыяў;
-- рыхтуюцца прывентыўныя арышты прадстаўнікоў апазіцыйных рухаў, асабліва моладзевых арганізацыяй, на пярэдадні і падчас правядзення выбараў;
-- рыхтуюцца арышты грамадзян у сувязі з іх удзелам у магчымых мірных акцыях пратэсту.
Улічваючы вопыт папярэдніх выбарчых кампаній 2006 і 2007 гг., калі прывентыўныя незаконныя арышты актывістаў апазіцыі насілі масавы характар, Праваабарончы цэнтр “Вясна” выказвае сваю сур’ёзную занепакоенасць магчымасцю паўтарэння падобнага сцэнара і падчас бягучай выбарчай кампаніі.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” нагадвае прадстаўнікам беларускіх уладаў, што выбары ў краіне павінны адбывацца выключна ў межах дзеючага заканадаўства, адкрыта і галосна, у атмасферы даверу. Усялікія “нейтралізацыі”, прывентыўныя арышты і таму падобныя дзеянні носяць незаконны характар і будуць расцэньвацца намі, як факты грубейшага парушэння правоў чалавека.
Таксама нагадваем прадстаўнікам афіцыйных уладаў, што грамадзяне Беларусі маюць права на свабоднае выказванне сваіх поглядаў, меркаванняў, у тым ліку і шляхам распаўсюду інфармацыі, правядзення мірных сходаў. Гэтыя правы гарантаваныя грамадзянам краіны Канстытуцыяй Республікі Беларусь і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама шэрагам дакументаў АБСЕ. Мы заклікаем улады строга прытрымлівацца Канстытуцыі і міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, якія ўзяла на сабе Рэспубліка Беларусь.
Мы таксама нагадваем, што ў выпадку парушэння правоў чалавека ўся адказнасць за гэта цалкам кладзецца на прадстаўнікоў сілавых структур, якія будуць задзейнічаны ў гэтым, у тым ліку і на асобаў, чые прозвішчы ўказаныя ў дадзеным дакуменце.
Мы звяртаемся да прадстаўнікоў судовай улады Беларусі і заклікаем іх кіравацца ў сваёй дзейнасці выключна Законам і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляць правасуддзе, зыходзячы з прынцыпа незалежнасці судовай улады ў краіне.
Аб усіх фактах парушэння правоў чалавека мы будзем неадкладна інфармаваць міжнародную супольнасць, у тым ліку міжнародныя назіральныя місіі АБСЕ і СНД, а таксама беларускую грамадскасць.
Прынята Радай Праваабарончага цэнтра “Вясна”
Мінск, 15.09.2008 г.
Цалкам са зместам “Рашэння” можна азнаёміцца на сайце
spring96.org