Алесь Бяляцкі: “Мы жывем у паліцэйскай дзяржаве…”
Праваабаронца, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесь Бяляцкі пракаментаваў “Рашэнне на забеспячэнне аховы правапарадку…” наступным чынам:
“Дакумент, які рэгламентуе працу праваахоўных органаў Брэсцкай вобласці падчас правядзення парламенцкіх выбараў, з усёй відавочнасцю паказвае, што мы жывём у паліцэйскай дзяржаве.
Зарэгламентаванасць нашага жыцця, слежка з боку дзяржавы за кожным крокам беларускіх грамадзянаў, грубае абмежаванне грамадзянскіх і палітычных правоў і свабодаў – вось яскравыя дасягненні той аўтарытарнай сістэмы, якую стварыў Лукашэнка і ягоныя памагатыя.
З гэтага дакумента бачна, што праца міліцыі, КДБ, пракуратуры (якая павінна кантраляваць выкананне законнасці!) накіраваная на падаўленне грамадзкай актыўнасці, на грубае парушэнне Канстытуцыі Беларусі ды міжнародных пагадненняў. У любой іншай цывілізаванай краіне службовае жыццё тых асобаў, якія паставілі б свае подпісы на падобнам дакуменце ды ўдзельнічалі ў стварэнні падобных САШаў, скончылася б у тры хвіліны, а яны б адказвалі перад законам.
Практыка правядзення прэвентыўнага інтэрнавання грамадзкіх і палітычных актывістаў у краіне мае сістэматычны характар. Вядомых грамадзіх і палітычных рэгіянальных дзеячоў, моладзевых актывістаў рэгулярна падчас выбарчых кампаніяў садзяць “на суткі” за “хуліганства”ды “нэцэнзурныя выказванні”. І як у тэатры марыянетак – міліцыя, суддзі, пракуратура, так званыя дэпутаты розных узроўняў – усе маюць сваю ролю і выконваюць нечыю злую волю ці проста маўчаць.
Відавочна, што міліцэйскія і КДБэшныя палкоўнікі груба топчуцца па нашых грамадзкіх і палітычных правах, выціраючы свае боты аб беларускую Канстытуцыю. Зразумела, што ўсе падобныя дзеянні міліцэйскіх чыноўнікаў бласлаўляюцца з боку сённяшняй палітычнай клікі, інакш бы яны не адчувалі сябе так нахабна і безпакарана”.