Валянцін Стэфановіч: “Юрыдычную ацэнку гэтага “Рашэння” я б хацеў пераадрасаваць таварышам Навумаву, Васілевічу і Сукалу”
Вядомы праваабаронца Валянцін Стэфановіч наступным чынам пракаментаваў “Рашэнне на забеспячэнне аховы правапарадку і дарожнай бяспекі ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення на тэрыторыі Брэсцкай вобласці выбараў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання”: “Дадзены дакумент яскрава паказвае нам увесь механізм рэпрэсіўнай машыны ў асобна ўзятай вобласці: ад прыняцця рашэння да яго выканання. Па сутнасці, нічога новага для нас у гэтым рашэнні няма. Усе гэтыя “мерапрыемствы” мы ўжо бачылі на практыцы падчас правядзення папярэдніх выбарчых кампаній. Гэта і “нейтралізацыя" актывістаў апазіцыі напярэдадні ці падчас выбараў, і арышты распаўсюднікаў друкаванай прадукцыі, арышты ўдзельнікаў мірных сходаў.
Дакумент цікавы тым, што зараз мы бачым апісанне гэтых “мерапрыемстваў” на паперы і ведаем канкрэтных службовых асобаў, адказных за іх рэалізацыю.
Мяркую, што падобныя САШы УУС створаныя і ў іншых абласцях краіны, дзе таксама існуюць падобныя рашэнні з апісаннем падрабязнага плану дзеянняў органаў унутраных справаў у цесным узаемадзеянні з адпаведнымі абласнымі ўпраўленням КДБ і пракуратураў.
З аналізу асобных палажэнняў гэтага дакумента можна зрабіць высновы, што перад сілавікамі краіны пастаўленыя такія ж задачы, як і падчас папярэдніх выбарчых кампаніяў: адсочванне рэгіянальных лідэраў і актывістаў апазіцыі, адсочванне іх перамяшчэння, недапушчэнне распаўсюду друкаваных матэрыялаў, агітацыі з заклікамі да байкоту выбараў, прывентыўныя арышты некаторых актывістаў апазіцыі, асабліва прадстаўнікоў нефармальных моладзевых групаў, недапушчэнне правядзення несакцыянаваных масавых мерапрыемстваў.
Юрыдычную ацэнку гэтага “Рашэння” я б хацеў пераадрасаваць таварышам Навумаву, Васілевічу і Сукалу. Можа яны адкажуць нам, што гэта такое і як гэты дакуменцік стасуецца з Канстытуцыяй і тымі міжнароднымі актамі ў галіне правоў чалавека, якія ратыфікавала Беларусь? Можа таварыш Навумаў азнаёміць з ім кіраўніка місіі АБСЕ, яшчэ больш падрабязней распавядзе аб ролі МУС у забеспячэнні грамадскага парадку перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў? А таварыш Сукала адкажа, што гэта за “працоўныя нарады са старшынямі судоў” наконт абмежавання вынясення адміністратыўных арыштаў асобам, якія здзейснілі адміністратыўныя правапарушэнні ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў? Якая ўжо там незалежнасць судовай улады, калі трэба вызваляць месцы ў ЦІПах і ІЧУ для "нейтралізаваных дэструктыўных элементаў", а не саджаць туды розных пабытовых хуліганаў і сямейных дэбашыраў напярэдадні такіх важных для краіны падзеяў.
Я лічу, што гэты дакумент яскрава сведчыць аб тым, што адбываецца ў Беларусі падчас правядзення выбараў. Звярніце ўвагу на апіску ў гэтым дакуменце: у адным месцы вядзецца гаворка аб выбарах у мясцовыя Саветы 25-га склікання. Забыліся перарабіць на парламенцкія выбары? Значыць, падобны дакумент быў і падчас правядзення мясцовых выбараў 2007 г.? Памятаем, тады на пярэдадні выбараў шмат каго “нейтралізавалі” за нібыта “нецэнзурную лаянку” ў грамадскіх мецах.
А як будзе ў гэтым годзе, пабачым. Мы будзем адсочваць сітуацыю і інфармаваць міжнародную супольнасць і беларускае грамадства аб усіх выпадках парушэння правоў чалавека ў краіне ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў. Калі такія факты будуць мець месца і насіць масавы характар, значыць будзем рабіць адпаведныя высновы аб тым, наколькі такія выбары можна лічыць сапраўды дэмакратычнымі, адкрытымі і галоснымі.
Са вайго боку хачу сказаць, што мы, грамадзяне Беларусі, маем права выказваць сваё меркаванне па пытаннях грамадска-палітычнага жыцця краіны, маем права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, маем права на ўдзел у мірных сходах, у тым ліку для выказвання свайго пратэсту і нязгоды. Гэтыя правы гарантаваныя нам Канстытуцыяй, і іх неабгрунтаванае абмежаванне з'яўляецца парушэннем нашых правоў, парушэннем правоў чалавека”.