Першыя перадвыбарчыя суды над актывістамі ў Берасці
На затрыманых у 2 гадзіны ночы на праспекце Рэспублікі берасцейскіх актывістаў Міхася Ільіна і Яўгена Скрабца склалі пратаколы ў парушэньні артыкула 17.1. “дробнае хуліганства” КаАП РБ, нібыта за спраўленьне малой патрэбы на вуліцы. Нагадаем, што ў юнакоў былі знойдзеныя налепкі “Байкот”. Зараз яны чакаюць суда, які мусіць адбыцца ў судзе Маскоўскага раёна Берасця.
Такім чынам, як адзначае мясцовы праваабаронца Уладзімер Вялічкін, у Берасці пачынае дзейнічаць адмысловы дакумент пад назвай “Рашэньне на забеспячэньне аховы правапарадку і дарожнай бяспекі ў перыяд падрыхтоўкі і правядзеньня на тэрыторыі Брэсцкай вобласці выбараў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага скліканьня”. Пра ягоны змест можна падрабязна прачытаць на сайце Праваабарончага цэнтру “Вясна”.
Спадар Вялічкін мяркуе, што прысуд па факце начнога затрыманьня можа быць максімальны – аж да 15 сутак, паколькі сутнасьць вышэйзгаданага дакумента толькі ў адным – максімальная нейтралізацыя актывістаў апазіцыі пад час выбараў.