Браслаўскія перадвыбарчыя ініцыятывы
У Браславе мясцовы райкам БРСМ поўны рашучасьці зноў забясьпечыць дэпутацкае месца цяперашняму “палатніку” – кндыдату Ўладзіміру Скавародку. Першы сакратар Галіна Паніч пераконвае, што моладзь узварушыць “балота агітацыі”:
“Раён наш малаколькасны і Богам забыты. Таму, самі разумееце, што выбары некаторым у цяжар. Іншыя ўвогуле нэгатыўна да іх ставяцца. Каб вось такую сытуацыю разрадзіць і крыху страсянуцца ды ўзрушыцца, у нас сёньня стартуе першая акцыя”.
Са словаў кіраўніцы Браслаўскага БРСМу, гаражанам на вуліцы будуць прапанаваныя розныя “фанцікі ды банцікі” з напамінкам пра дзень выбараў. А найбольш крэатыўная на думку Галіны Паніч, акцыя адбудзецца на мясцовым кірмашы. Тлумачыць суразмоўца:
“Усім наведнікам рынку будзем прапаноўваць на талерках моркву і бульбу. Прасіць людзей, каб гэту гародніну яны стараліся закінуць у урну і тым самым спраўдзілі свой намер удзельнічаць у выбарах. Хто пацэліць – атрымае сьмешны прыз: балёнчыкі і асадку”. Дарэчы, дзеля эканоміі моркву і бульбу для выбарцаў БРСМаўцы разразаюць на кавалачкі.
Паводле "Радыё Свабода"