Чарговыя затрыманьні ў Салігорску
Чарговае затрыманьне валянцёра незалежнага выданьня "Свабодны Салігорск" адбылося ўвечары 15 кастрычніка. Гэтым разам была затрымана маладафронтаўка Хрысьціна Самойлава, якая ля ўнівэрмага "Салігорск" распаўсюджвала апошні нумар газэты прысьвечаны вызваленьню палітвязньняў і набліжаючымся выбарам у Палату Прадстаўнікоў.
Непаўнагадовую дзяўчыну даставілі ў пастарунак, дзе канфіскавалі маючыеся пры ёй асобнікі газэты. Праз гадзіну валянцёрку вызвалілі без складаньня пратаколу.
Як адзначылі ў рэдакцыі "Свабоднага Салігорску", з пачаткам перадвыбарчай агітацыйнай кампаніі перасьлед газэты значна ўзмацніўся:
- Мы пачалі актыўна асьвятляць выбары, зьмяшчаем аналітычныя матэрыялы, асьвятляем розныя пазыцыі, у тым ліку ідэю байкоту і выхаду на плошчу 28 верасьня. Але ж наша газэта гэта не баявы аркуш, а грунтоўнае выданьне, таму нам не зусім зразумела рэакцыя праваахоўных органаў і іх бязглуздыя дзеяньні ў дачыненьні да нашых валянцёраў.
Нагадаем, што напрыканцы жніўня былі затрыманы чатыры валянцёры газэты і ва ўсіх праведзены ператрусы, пад час якіх сканфіскавалі рэдакцыйныя матэрыялы і некаторае кампутарнае абсталяваньне. Таксама два дні таму быў затрыманы яшчэ адзін валянцёр "Свабоднага Салігорску" Андрусь Тычына і дастаўлены ў пастарунак, дзе ў яго былі сканфіскаваны некалькі дзясяткаў асобнікаў газэты.