ЦВК не гарантуе назіральнікам доступу да бюлэтэняў
Місія назіральнікаў БДІПЧ (Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека) АБСЭ, якая працуе ў Беларусі, дагэтуль не атрымала запэўніваньняў ад Цэнтарвыбаркаму пра тое, што назіральнікі атрымаюць паўнавартасны доступ да падліку галасоў. Пра гэта гаворыцца ў другой прамежкавай справаздачы місіі, якую яна сёньня распаўсюдзіла для мэдыяў.
У гэтым дакумэнце таксама зьвяртаецца ўвага на тое, што падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў існуе магчымасьць шматразовага галасаваньня адных і тых жа грамадзянаў.
"У Беларусі сьпісы выбарцаў складаюцца па кожнамы выбарчаму ўчастку, пры гэтым цэнтралізаванага альбо зводнага сьпісу не існуе. Адсутнасьць цэнтралізаваных дадзеных уліку выбарцаў на агульнацыянальным альбо акруговым роўні азначае фактычную немагчымасьць перакрыжаванай праверкі імёнаў, якія могуць паўтарацца",-- гаворыцца ў прамежкавай справаздачы.