viasna on patreon

Арганізаванага зняцця кандыдатаў ад АДС з выбараў не будзе

2008 2008-09-21T20:02:56+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

21 верасня ў Менску адбылося паседжанне палітрады Аб'яднаных дэмакратычных сіл (АДС), прысвечанае пытанню аб удзеле ў парламенцкіх выбарах 2008 года.

Палітрада АДС не пайшла на зняцце ўсіх сваіх кандыдатаў з выбараў. "Арганізаванага зняцця кандыдатаў у дэпутаты ад Аб'яднаных дэмакратычных сіл Беларусі з выбараў сапраўды не будзе", - заявіў у інтэрв'ю БелаПАН лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Па ягоных словах, калі кандыдат у дэпутаты ад АДС і здымецца з выбараў, то гэта будзе рэакцыя на пэўную сітуацыю ў ягонай акрузе. Палітык паведаміў, што менавіта так паступілі пяць прэтэндэнтаў ад АГП, якія балатуюцца па Менску (Станіслаў Багданкевіч, Валянціна Палевікова, Ганна Ягорова, Кацярына Маласаева і Аляксандр Дабравольскі). Яны зняліся ў сувязі з перашкодамі ў вырабе агітацыйных матэрыялаў.

Застаючыся ўдзельнікам выбарчага працэсу, Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі маюць намер дамагацца магчымасці здзяйсняць кантроль за падлікам галасоў маючых адбыцца парламенцкіх выбарах. Аб гэтым гаворыцца ў выніковым дакуменце, прынятым 21 верасня на паседжанні палітрады АДС у Менску.

У дакуменце з шкадаваннем адзначаецца, што ўлады адмовіліся ад уключэння прадстаўнікоў АДС у склад участковых выбарчых камісій, ад арганізацыі ў дзяржаўных СМІ адкрытай дыскусіі паміж кандыдатамі ў дэпутаты па праблемах, якія ўяўляюць цікавасць для беларускіх выбаршчыкаў, ад ратыфікацыі канвенцыі "Аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабодаў у дзяржавах - удзельніках СНД".

У сувязі з гэтым палітрада канстатуе, што "практыка правядзення ўсіх выбарчых кампаній у апошнія гады арыентавана не на абранне, а на прызначэнне дэпутатаў", а таксама пацвярджае сваё рашэнне "аб непрызнанні выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў справядлівай і дэмакратычнай".

На апошніх этапах выбарчай кампаніі АДС вырашылі сканцэнтраваць высілкі на арганізацыі кантролю за падлікам галасоў, на прад'яўленні доказаў фальсіфікацый, а таксама растлумачэнні прычын, не якія дазваляюць прызнаць вынікі выбарчай кампаніі справядлівымі і легітымнымі.

У тых выбарчых акругах, дзе ў бюлетэнях для галасавання няма дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты, палітрада рэкамендуе мясцовым структурам АДС і прыхільнікам байкоту правесці працу, накіраваную на неўдзел выбарўчыкаў у галасаванні.

Акрамя таго, палітрада заклікае выбаршчыкаў 28 верасня арганізаваць акцыі пратэсту супраць неўключэння прадстаўнікоў АДС у склад выбарчых камісій і фальсіфікацыі вынікаў галасавання.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства