3 чэрвеня Міжнародная арганізацыя ARTICLE 19 накіравала адкрыты ліст А.Лукашэнку.
Пра гэта паведаміла прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"
У лісьце якім выказала Міжнародная арганізацыя ARTICLE вялікую заклапочанасць паведамленнямі пра апошнія падзеі вакол газеты "Народная воля": у прыватнасці, пра апошнюю судовую справу, якая, на думку арганізацыі, можа прывесці да банкруцтва выдання. ARTICLE 19 мае на ўвазе слуханні па зыску лідэра ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча, якія адбываюцца ў судзе Ленінскага раёна Мінска 3 чэрвеня.
Арганізацыя прыгадвае і іншыя падзеі вакол "Народнай волі", якія адбываліся ў апошні час: у прыватнасці, зварот намесніка галоўнага рэдактара выдання Аляксандра Сіліча па палітычны прытулак у Бельгіі; папярэджанне за публікацыю пра грамадскі рух "Воля народа"; 9 практычна ідэнтычных зыскаў ад грамадзян, якія патрабуюць кампенсацыі на агульную суму зыскаў каля 125 тыс. долараў.
"ARTICLE 19 устрывожаная гэтымі прыкладамі", - гаворыцца ў лісце. Арганізацыя падкрэслівае, што сістэматычны прэсінг ужываецца ў дачыненні да газеты, якая з'яўляецца адным з нешматлікіх апазіцыйных галасоў, што засталіся ў Беларусі. "Мы нагадваем Вам, што, нават калі "Народную волю" прызнаюць вінаватай у парушэнні вашага заканадаўства, пакаранне павінна быць супастаўляльным з нанесеным уронам. Нематэрыяльныя санкцыі павінныя быць прыярытэтнымі перад матэрыяльнымі. Мэта закона аб дыфамацыі - у тым, каб кампенсаваць страты, нанесеныя чыёйсьці рэпутацыі, а не ў тым, каб пакараць мас-медыя. Гэта стварае агульную атмасферу страху, якая можа адмоўна паўплываць на свабодны абмен інфармацыяй", - падкрэслівае арганізацыя ў звароце да А. Лукашэнкі.
"Мы таксама нагадваем вам пра прынцып, замацаваны ў Артыкуле 10 Еўрапейскай Канвенцыі правоў чалавека і Еўрапейскага суда, які прадпісвае публічным асобам больш талерантна ставіцца да крытыкі ў свой адрас, чым звычайныя грамадзяне... Як краіна, якая імкнецца ўвайсці ў Раду Еўропы і як падпісант Міжнароднага пагаднення аб грамадзянскіх і палітычных правах, Беларусь павінная выконваць гэтыя прынцыпы і ўстрымлівацца ад удушэння свабодных палітычных дэбатаў грамадскай важнасці", - лічаць аўтары ліста.
ARTICLE 19 заклікаў беларускае кіраўніцтва забяспечыць: свабодны і справядлівы суд, які адбудзецца над "Народнай воляй" 3-га чэрвеня; строгую прапарцыянальнасць матэрыяльнага спагнання (калі яно будзе) нанесенай шкодзе; абарону "Народнай волі" ад любых форм палітычнага прэсінгу; адмену тых пунктаў заканадаўства, якія дазваляюць закрыць выданне на падставе двух папярэджанняў.