viasna on patreon

Конкурс на тэму: "Хто стане дэпутатам?"

2008 2008-09-22T14:47:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Віцебская гарадзкая газэта "Віцьбічы" абвясьціла палітгульню для сваіх чытачоў: прадказаць, каго абяруць у парлямэнт. Недарэчнае пытаньне…

Рэдакцыя дзяржаўнай газэты прапануе знайсьці нумар ад другога верасьня са сьпісам зарэгістраваных кандыдатаў па чатырох віцебскіх акругах і вызначыцца з прагнозам, хто зь іх пераможа на выбарах. Пытаньне сьмешнае: па ўсіх акругах ідуць праўладныя кандыдаты, так што памыліцца амаль немагчыма.

Ці ёсьць, да прыкладу, варыянты адказу, калі гаворка ідзе пра 17-ю Віцебскую-Горкаўскую акругу №17, па якой балятуюцца разам старшыня Віцебскага гарсавету Генадзь Грыцкевіч і апазыцыянэрка Тацяна Севярынец?  Або ці ёсьць праблема прадказаць, хто пераможа ў 19-й Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе №20, дзе вылучыліся сябар ПКБ Аляксандар Вінаградаў, прадстаўніца "Эўракааліцыі" Галіна Козырава, 29-гадовы Сяргей Белавусаў з ЛДП і  падтрыманы ўладамі дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхналягічнага каледжа Аляксандар Ласякін?

Дзейныя дэпутаты Парлямэнту Аляксандар Гудкоў і Сяргей Сямашка таксама відавочна спадзяюцца на перамогу, стаўшы кандыдатамі ў дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай акрузе №18 і Віцебскай-Чыгуначнай акрузе №19.

Такім чынам, сэнс конкурс для чытачоў "Віцьбічаў" нават ня ў тым, каб даць правільны адказ, а каб найхутчэй дабегчы да рэдакцыі: менавіта той, хто першым паведаміць правільны адказ, атрымае сувэнір-падарунак.

Зрэшты, конкурс таксама быў абвешчаны  ў апошні момант, калі гэта дазваляе заканадаўства: згодна з Выбарчым кодэксам РБ, за 10 дзён да выбараў забараняецца публікаваньне вынікаў апытаньняў, зьвязаных з галасаваньнем, і прагнозам вынікаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства