Магілёў: Незалежная кандыдатка сутыкнулася з цэнзурай пры вырабе сваіх агітацыйных матэрыялаў
Кандыдатка ў дэпутаты па Магілёўскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе №86 Наталля Зайцава сутыкнулася з цэнзурай пры вырабе сваіх агітацыйных матэрыялаў.
Без яе ведама, самавольна, сябрамі акруговай выбарчай камісіі №87 былі ўнесены змены ў інфармацыйны плакат з яе біаграфічнымі дадзенымі.
З тэксту была выключана інфармацыя аб тым, што Наталля Зайцава не працуе не па свайму асабістаму жаданню, а з-за таго, што пазбавілася сваёй працы ў індывідуальнага прадпрымальніка ў выніку прэзідэнцкага Указа №760, які забараніў працу ў індывідуальнага прадпрымальніка не яго родным.
У інфармацыйным плакаце з’явіліся словы “Временно не работает”, а інфармацыя аб тым, што яе бацька адпрацаваў за станком 50 год, а дзед ачольваў групу падпольшчыкаў у Магілёве і быў замардаваны гестапаўцамі была выключана.
“Вызначанага ўзору таго як складаць біяграфію няма, - гаворыць Наталля, - я склала яе па-свойму, а яе адрэдагавалі на свой лад так, як не выгадна мне”.
“Яшчэ адно парушэнне заключаецца ў тым, - адзначае праваабаронца Барыс Бухель, - што інфармацыя аб кандыдатах у дэпутаты ў плакатах размешчана не ў алфавітным парадку. Першай ідзе праўладная кандыдатка Таццяна Ісачанка, і толькі пасля яе ідзе Наталля Зайцава”.
“У школе №32, у якой размешчаны два ўчасткі для галасавання №81 і №82 інфармацыйныя плакаты разарваны на дзве часткі і вывешаны ў розных месцах. За Ісачанка плакат вісіць у зручным і добраасветленым месцы, за Зайцаву – у зусім непрыкметным месцы”, - працягвае праваабаронца.
Акрамя гэтага Наталля Зайцава адзначае, што сутыкнулася з элементамі сабатажа пры вырабе сваіх агітацыйных матэрыялаў у прыватнай друкарні ў індывідуальнага прадпрымальніка спадара Гардзіенкі.
“У гэтай друкарні, - гаворыць Наталля Зайцава, - я заказала чорна-белыя ўлёткі і чатыры віды плакатаў, адзін з якіх быў зроблены на бел-чырвона-белым фоне. Пры заключэнні дамовы з прыватнай друкарняй улёткі абяцалі надрукаваць на працягу двух дзён, але ў неабходны тэрмін я атрымала толькі невялікую частку неабходных для агітацыі матэрыялаў. Астатнія ўлёткі былі надрукаваны толькі праз 10 дзён. Затрымку майго заказу мне патлумачылі тым, што спачатку сапсаваўся кампутар, потым вадой заліла паперу і г.д. У плакаце з бел-чырвона-белым фонам спачатку мне прапанавалі замяніць фон на зялёны, а потым пад рознымі адгаворкамі сабатавалі яго выраб. У выніку толькі праз 10 дзён я атрымала яго”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”