Жодзінскія галадоўнікі скончылі акцыю пратэсту
Пра гэта было заяўлена 6 чэрвеня ў Менску на прэсавай канфэрэнцыі моладзевых актывістаў дэмакратычнага руху. Спынілі акцыю супраць выключэньня з навучальных установаў дэмакратычнай моладзі і галадоўнікі з іншых рэгіёнаў, якія праводзілі яе ў падтрымку жодзінцаў, паведаміла Радыё Свабода.
Лідэр жодзінскай суполкі “Маладога фронту” Павал Красоўскі нагадаў прычыны галадоўкі пратэсту, якая пачалася 25 траўня: “Ад сёньняшняга дня пачаўся выхад з галадоўкі актывістаў гораду Жодзіна. Гэты крок быў крайнім. Але з боку уладаў таксама былі прыменены крайнія меры. Адлічэньне людзей з навучальных установаў за выяўленьне актыўнай грамадзкай пазыцыі. Гэтая галадоўка дзяцей нікога не пакінула абыякавымі. Кожны грамадзянін Беларусі, у каго ёсьць дзеці, яны задумваюцца, што іх дзеці таксама могуць патрапіць у такую сытуацыю”.
Апроч жодзінцаў, на знак салідарнасьці зь імі ўдзел у акцыі бралі прадстаўнікі іншых рэгіёнаў, агулам паўтара дзясятка моладзевых актывістаў. Паводле ўдзельнікаў галадоўкі, акцыя мела пэўны плён. Яна атрымала шырокі розгалас. Як вынік, удалося прадухіліць выключэньне з жодзінскай Жаночай гімназіі дзьвюх навучэнак, якія выказалі пратэст супраць выключэньня з жодзінскага політэхнікуму Сержука Мурашкі. Разам з тым улады адмовіліся выканаць другое патрабаваньне галадоўнікаў і аднавіць спадара Мурашку. Сам Сяржук таксама спадзяецца на лепшае: “Вельмі хацелася б вучыцца там, дзе вучыўся. У тым жа самым калектыве. З тымі ж самымі сябрамі, якія за мяне турбаваліся, напісалі заяву ў гарвыканкам. Яны дагэтуль змагаюцца за мяне, за тое, каб мае прозьвішча не выкрэсьлівалі з журналаў”.
Паводле маладых жодзінцаў, яны прадоўжаць змаганьне за лёс былога навучэнца тэхнікуму. Гаворыць Аляксандар Вінаградаў: “Скончылася толькі галадоўка. Але ня скончыўся пратэст. І сканчацца ён ня будзе”.
Паводле ўдзельнікаў акцыі, прадстаўнікі ўлады, вінаватыя ў перасьледзе моладзевых актывістаў, выключэньні іх з навучальных установаў, павінны несьці адказнасць. Таму яны рыхтуюць зварот да міжнароднай супольнасьці. Павал Красоўскі заявіў: “Мы будзем зьвяртацца да амбасадараў Эўрапейскай супольнасьці, ЗША з ініцыятывай забараніць гэтым людзям уезд у краіны Эўразьвязу і ЗША. Цяпер мы можам ужо назваць некаторыя прозьвішчы. Што тычыцца жодзінцаў, то гэта: Сямашка Ўладзімер — першы намесьнік старшыні Жодзінскага гарвыканкаму, Талерчык Пётар — дырэктар Жодзінскага політэхнікуму, спадарыня Грышкевіч — загадчыца ідэалягічнага аддзелу Жодзінскага гарвыканкаму, спадар Ільіч — намесьнік начальніка міліцыі па грамадзкай бясьпецы і Кашэўскі Валеры — старшыня Жодзінскага гарвыканкаму. Але гэта ня поўны сьпіс”.
Паводле ўдзельнікаў акцыі, яны зьбіраюцца таксама ўключыць у гэты сьпіс шэраг чыноўнікаў Міністэрства адукацыі.