Гародня: прадстаўнікам БХК даюць адпіскі і прапаноўваюць азнаёміцца з вынікамі выбараў толькі 29 верасня
Як паведаміў прадстаўнік РПГА “Беларускі Хельсінскі Камітэт” па Гродзенскай вобласці Раман Юргель, сябры БХК накіравалі ў акруговыя камісіі афіцыйныя запыты з просьбай прысутнічаць на паседжаннях акруговых камісій, дзе яны зарэгістраваныя назіральнікамі і забяспечыць магчымасць азнаямлення з вынікамі выбараў у пратаколах участковых выбарчых камісій увечары 28 верасня.
Старшыня акруговай выбарчай камісіі Гарадзенскай–Занёманскай выбарчай акругі №49 Уладзімір Хлябіч, дырэктар кінатэатру “Кастрычнік”, даў адказ Раману Юргелю і Іосіфу Нячаю, у якім нічога не сказана па сутнасці звароту – фактычна адпіску. Такія ж адказы атрымалі Раман Юргель і Святлана Рудкоўская з акруговай камісіі Гарадзенскай-Цэнтральнай акругі №50 за подпісам сакратара камісіі Алы Куляшэвіч. А старшыня акруговай выбарчай камісіі па Гарадзенскай сельскай выбарчай акрузе №52 Святлана Дабрыян адказала на аналагічны запыт сябрам БХК Міколу Ворану і Міхаілу Горбачу афіцыйнымі лістамі, у якіх ім прапануецца азнаёміцца з вынікамі выбараў на паседжанні акруговай камісіі, якое адбудзецца 29 верасня.
У сувязі з такімі адказамі назіральнікі ад БХК накіравалі адпаведныя заявы ў Цэнтрвыбаркам, у якіх настойваюць на просьбе дазволіць прысутнічаць на паседжаннях акруговых камісіяў менавіта 28 верасня пасля падліку галасоў.
“Правабаронцы за свабодныя выбары”