Баранавічы: Назіральнікі пазбаўленыя ўсялякіх правоў
Адказ на сваю заяву ў акруговую выбарчую камісію Баранавіцкай-Заходняй акругі № 5 ад старшыні камісіі А.Русенчыка 25.09.2008г. атрымаў назіральнік ад БХК Мікалай Севярцаў, які звяртаўся ў камісію ў сувязі з парушэннямі на выбарчым участку №15.
На што ж скардзіўся назіральнік? Перш за ўсё, на тое, што скрыня для галасавання была апячатаная да адкрыцця ўчастку (9.40), адпаведна, у адсутнасць назіральніў, якія прыйшлі своечасова, але пабачылі ўжо толькі вынік. Адмовіла камісія назіральніку і ў прапанове апячатаць зборную скрыню знізу і з бакоў, каб яе немагчыма было незаўважна раскруціць. Сябра камісіі Іванкіна адмовілася прадставіць Севярцаву інфармацыю пра колькасць атрыманых бюлетэняў. Выклаўшы факты, Мікалай Севярцаў прасіў акруговую камісію прыняць адпаведныя меры па прадухіленні парушэнняў.
Адказ назіральніку старшыні акруговай камісіі А.Русенчыка пераўзышоў усе чаканні. Самае абсурднае напісана ў апошнім абзацы, і гэта варта цытаваць без скарачэнняў: “Назіральнік не мае права звяртацца з запытамі ў выбарчыя камісіі для атрымання звестак па падрыхтоўцы выбараў, у тым ліку і пра колькасць выбарнікаў і атрыманых бюлетэняў”.
А на што тады мае права назіральнік?
М.Севярцаў звярнуўся з заявай у Цэнтрвыбаркам.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”