viasna on patreon

За удзел у апазыцыйных акцыях цяпер будуць выключаць з ВНУ на законных падставах

2005 2005-06-09T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Загад міністра адукацыі “Пра захады дзеля недапушчэньня спробаў уцягваньня навучэнцаў і студэнтаў у супрацьпраўную дзейнасьць палітычнага кшталту”, які трапіў у праваабарончыя арганізацыі, Асамблею няўрадавых арганізацыяў, выклікаў грамадзкі рэзананс. У Мінадукацыі адмаўляюцца пацьвердзіць альбо абвергнуць інфармацыю пра загад з пазнакай “для службовага карыстаньня”, сведчыць Радыё Свабода.

Вышэйназваны загад прадугледжвае абавязковыя службовыя расьсьледаваньні кожнага факту ўдзелу навучэнцаў і студэнтаў у несанкцыянаваных мерапрыемствах апазыцыі. Абавязковым робяцца наданьне “прынцыповай адзнакі” такім дзеяньняў і “захады выхаваўчага ўзьдзеяньня аж да адлічэньня ва ўстаноўленым парадку зь ліку навучэнцаў і студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у несанкцыянаваных мерапрыемствах, зьдзяйсьняюць супрацьпраўныя дзеяньні ў грамадзкіх месцах”.

Дакумэнт таксама прадпісвае ладзіць шэраг прэвэнтыўных захадаў супраць пратэстных формаў паводзінаў моладзі. Напрыклад, уводзіць у навучальны працэс праграмаў і курсаў, накіраваных на фармаваньне законапаслухмяных паводзінаў; арганізоўваць сталыя выставы літаратуры і інфармацыйныя стэнды для прапаганды прававых ведаў і дасягненьняў у сацыяльна-эканамічным разьвіцьці краіны.

Чыноўнікі зь Міністэрства адукацыі наагул ня хочуць размаўляць пра гэты дакумэнт. У гутарцы, якая адбылася паміж карэспандэнтам Радыё Свабоды і галоўным інспэктарам ўпраўленьня сацыяльнай і выхаваўчай працы Віктарам Якжыкам, які пазначаны як распрацоўнік загаду, апошні сказаў: “У нас ёсьць прэсавы сакратар, які адказвае на ўсе пытаньні”.
Начальнік упраўленьня сацыяльнай і выхаваўчай працы Мінадукацыі Георгій Бутрым заявіў, што наагул ня ведае пра такі загад.

Між тым, крыніцы ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных справаў паведамілі “Свабодзе” пра тое, што ў навучальную ўстанову днямі трапіў новы дакумэнт зь Міністэрства адукацыі з пазнакай “Для службовага карыстаньня”. Са зьместам дакумэнта выкладчыкаў акадэміі пакуль не азнаёмілі.

Кіраўніца выканаўчага бюро Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Алена Валынец-Чарняева заяўляе, што копія загаду міністра адукацыі трапіла ў гэтую арганізацыю ад выкладчыкаў ВНУ з рэгіёнаў. Дакумэнт падпісаны міністрам Аляксандрам Радзьковым 23 траўня. Са словаў спадарыні Валынец-Чарняевай, цяпер кіраўнікі рэгіянальных ВНУ ды іншых навучальных установаў зачытваюць выкладчыкам тэкст загаду.

Валынец-Чарняева: “Для студэнтаў гэта можа скончыцца адназначна, гэта практычна наўпрост выказана ў гэтай паперы: студэнты, якія не падтрымліваюць палітыкі прэзыдэнта і ўдзельнічаюць у апазыцыйных мерапрыемствах, павінны быць выключаныя з навучальных установаў. Я думаю, гэта ёсьць нейкай легітымізацыяй таго, што цяпер адбываецца са студэнтамі ў Беларусі. Вядомы выпадак з жодзінскімі студэнтамі, нядаўна распачаўся ціск на студэнтку БДУ і адначасова супрацоўніцу выканаўчага бюро НДА Алену Андрэеву. Гэты дакумэнт выйшаў плянава, у свой час, і, канечне ж, чакаюцца новыя рэпрэсіі супраць беларускай моладзі”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства