viasna on patreon

Дзяржаўны абвінаваўца Вадзім Пазьняк запатрабаваў для Андрэя Клімава 3 гады пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі строгага рэжыму

2005 2005-06-09T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Цэнтральным судзьдзе Менску працягваецца судовы працэс над Андрэем Клімавым па абвінавачваньні ў арганізацыі акцыі 25-га сакавіка, у часе правядзеньня якой нібыта адбываліся масавыя беспарадкі, паведамляе Радыё Свабода.

Нагадаем, што суд над апазыцыйным палітыкам пачаўся 6 чэрвеня. 8 чэрвеня быў зроблены перапынак, каб жонка Андрэя Тацьцяна Леановіч, якая з’яўляецца ў судзе абаронцам, азнаёмілася з матэрыяламі крымінальнай справы і падрыхтавалася да выступу ў спрэчках. Тацьцяна Леановіч не чакала, што суд дазволіць ёй абараняць свайго мужа. Яна казала, што радая магчымасьці бачыцца з мужам і дапамагаць яму.
Але, насамрэч суд забараняе Тацьцяне размаўляць з ім. Яна не мае магчымасьці, як таго патрабуе крымінальна-працэсуальны кодэкс, сустрэцца са сваім падабаронным сам-насам і выпрацаваць канцэпцыю абароны. Больш за тое, Тацьцяна плянавала ўчора наведаць свайго мужа ў сьледчым ізалятары. Калі яна туды прыйшла, то ёй адмовілі, спаслаўшыся на службовую інструкцыю, якая забараняе сваякам наведваць сваіх падабаронных.

Тая ліцэнзія, якую Тацьцяне выпісала судзьдзя Сьвятлана Ганчар, дазваляе сустракацца з мужам толькі ў будынку суда. Тацьцяна казала, што ледзь не страціла прытомнасьць, калі ўбачыла свайго мужа ў так званым “стакане” у часе судовага перапынку. Суд месьціцца на першым паверсе жылога дома. Арыштаваных трымаюць у падвале ў маленькіх закутках мэтар на паўмэтра і вышынёй прыкладна ў паўмэтра. Андрэй увесь перапынак стаяў у ім падагнуўшы ногі. Яна не магла сабе ўявіць, што ў ХХІ стагодзьдзі такое, наогул, магчыма. Канваіры забаранілі ёй даць мужу маленькую бутэльку вады. Яны паабяцалі, што, калі ён іх папросіць, то дадуць папіць з крану.

Сёньня ў судзе былі прагледжаныя ўсе відэазапісы, зробленыя супрацоўнікамі міліцыі і спэцслужбамі. Тацяна Леановіч сказала Свабодзе, што "прагляд відэа вельмі яе ўразіў, было відаць, што АМОНаўцы жорстка выціснулі людзей з праспэкта Скарыны і вуліцы Леніна, і ніякай акцыі насамрэч не адбылося". Тацяна Леановіч абураная, што мужа абвінавачваюць у арганізацыі акцыі, якая не адбылася.

Прамова Вадзіма Пазьняка доўжылася 15 хвілінаў. Адзіным доказам віны Андрэя Клімава было яго прызнаньне ў намаганьнях арганізаваць акцыю 25 сакавіка, якая, нават паводле словаў самога Пазьняка, не адбылася. Тым ня менш, дзяржаўны абвінаваўца папрасіў пакараць падсуднага 3 гадамі пазбаўленьня волі з адбыцьцём ў папраўчай калёніі строгага рэжыму і давёў, што амністыя, якая была прынятая 6-га траўня, на Клімава не распаўсюджваецца.

Cёньня, калі суд задаволіць тыя хадайніцтвы, якія заявіць Тацьцяна Леановіч, то да абвяшчэньня прысуду справа не дойдзе. Але назіральнікі, якія сачылі за хадой працэсу лічаць, што судзьдзя будзе намагацца як мага хутчэй завершыць разгляд. Андрэя адразу пасьля гэтага пачнуць судзіць у Першамайскім судзе за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Гэта будзе ўжо трэці па ліку крымінальны суд над апазыцыйным палітыкам.

Нагадаем, што Вадзім Пазьняк выступаў у якасьці дзяржаўнага абвінаваўцы ў справах Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца, якія атрымалі па 3 гады "хіміі", але згодна з амністыяй тэрмін пакараньня зьменшыўся да 2 гадоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства