viasna on patreon

У апазіцыі не хапае назіральнікаў на датэрміновых выбарах

2008 2008-09-25T13:06:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У лідэра Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоля Лябедзькі на датэрміновым галасаванні толькі на шасці ўчастках працуюць назіральнікі. Усяго ж участкаў па акрузе Лябедзькі – 38. А між іншым, дэмсілы лічаць гэты этап выбараў вельмі важным.
На шасці з паловай тысячах выбарчых участкаў па Беларусі сёння працуе каля 2 тысячаў апазіцыйных назіральнікаў. У фінальны дзень выбараў 28 верасня іх будзе крыху больш - пад 3 тысячы. Юрыст Уладзімір Лабковіч лічыць, што проста фізічна немагчыма закрыць усе ўчасткі.

Уладзімір Лабковіч: “Я лічу, што фізічна немагчыма закрыць участкі. На некаторых акругах, асабліва сельскіх, больш за 115 участкаў. Але на ўчастках, дзе балатуюцца асноўныя, самыя моцныя кандыдаты ад апазіцыі, выбарчыя каманды гэтых кандыдатаў паклапаціліся. І там у асноўным назіранне прадстаўлена”.

Аднак, па інфармацыі спадара Лабковіча, назіральнікі працуюць і на акругах, адкуль апазіцыйныя кандыдаты зняліся, аднак правялі эфектыўную кампанію байкоту.

Уладзімір Лабковіч: “Некаторыя каманды, якія праводзілі якасныя кампаніі, і іх кандыдаты былі знятыя, як, напрыклад, Вячорка ці Карэтнікаў, яны будуць арганізоўваць на сваіх акругах назіранне”.

Па некалькі назіральнікаў на адзін участак будзе у дзень выбараў ад Анатоля Лябедзькі. Аднак сёння ўчасткаў з назіральнікамі ад яго толькі 6.

Анатоль Лябедзька: “У мяне на акрузе будзе прыкладна каля 100 назіральнікаў. На датэрміновым галасаванні на 6 участках ёсць назіральнікі”.

У незалежнага кандыдата Віктара Кавальчука на датэрміновым галасаванні ўвогуле назіральнікаў няма. Толькі 28 верасня 15 давераных асобаў ад яго будуць працаваць па акрузе, якая, дарэчы, складаецца з 39 участкаў. Але Віктар будзе спрабаваць праз некторыя структуры вылучыць яшчэ некалькі назіральнікаў на выбары. Ён лічыць, што на датэрміновым галасаванні назіральнікі – гэта марнаванне часу.

Віктар Кавальчук: “Назіральнікі будуць толькі ў фінальны дзень галасавання. Па шчырасці, я не лічу неабходным назіраць у дні датэрміновага галасавання, таму што калі б гэта было паўнавартаснае назіранне, калі б можна было назіраць за скрынямі ноччу, тады б, магчыма, я б заняўся тым, каб шукаць рэсурсы, шукаць магчымасці вылучыць назіральнікаў на датэрміновым галасаванні”.

Ад АДС на сёння падрыхтавана 1200 назіральнікаў. Усе ўчасткі яны, вядома, не закрыюць. Па інфармацыі каардынатара Аляксандра Бухвостава, АДС перш за ўсё спрабуе закрыць участкі з апазіцыйнымі кандыдатамі. Але нават там назіральнікі не сядзяць цэлы дзень на месцы.

Аляксандр Бухвостаў: “Цэлы дзень яны не сядзяць. Некаторыя працуюць, прыходзяць пасля працы. Некаторыя, напрыклад, пенсіянеры, маюць магчымасць паназіраць цэлы дзень”.

У кандыдата з Віцебскай вобласці Яраслава Берніковіча назіральнікамі закрытыя ўсяго 4 участкі з больш як сямідзесяці. І ўчасткі ён выбіраў па прынцыпе – як людзям прасцей.

Яраслаў Берніковіч: “Людзі ў нас працуюць. І так найбольш выгодна для людзей. Яны прыходзяць пасля працы, пасля 5 гадзінаў. Нам проста немагчыма закрыць усе ўчасткі. Нават калі б усе мае людзі не працавалі, усё роўна было б немагчыма”.

Сітуацыя падаецца дзіўнай. Бо апазіцыя заўсёды скардзіцца, што датэрміновае галасаванне праходзіць найменш чэсна. Аднак назіральнікаў яўна недастаткова. Дарэчы, па інфармацыі Уладзіміра Лабковіча, на мінулых парламенцкіх выбарах колькасць назіральнікаў ад апазіцыі была прыкладна такой жа.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства