Скандал: На адным з участкаў Менска зафіксаваны ўкід бюлетэняў
На выбарчым участку № 456 у Менску падчас абедзеннага перапынку з 14 да 16 гадзін была раскрытая ўрна для галасавання.
Аб гэтым сайту ucpb.org паведаміў назіральнік Віталь Стажароў.
Пасля абеду ён прыехаў на ўчастак і выявіў, што пячатка не супадае з фотаздымкам апячатанай урны, які ён зрабіў у 14 гадзін. У 16 гадзін на ўчастак прыехаў таксама лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які балатуецца па гэтай акрузе (Старавіленская № 105), і міжнародны назіральнік ПА АБСЕ з Эстоніі.
Старшыня камісіі Мікалай Лагуновіч адмаўляе факт раскрыцця ўрны. Ён нават заявіў, што Віталь Стажароў можа застацца начаваць на ўчастку.
«Ясна, што змесціва ўрны замененае, — лічыць Анатоль Лябедзька. — І беспрэцэдэнтны факт — прапанова нашаму назіральніку застацца на ноч на ўчастку — пацвярджае гэта».
Урну для галасавання ахоўваў супрацоўнікі міліцыі Арлоўскі Сяргей Міхайлавіч (асабісты нумар А-11437).