Магілёў: Дык ці быў графік?
Старшыня акруговай выбарчай камісіі №85 спадарыня Кліменкова ці старшыня акруговай выбарчай камісіі №60 спадар Папоў?
Такім пытаннем задаецца кандыдат у дэпутаты Аляксей Паўлоўскі. Ён мае два абсалютна розныя адказы ад старшыні акруговай выбарчай камісіі №85 па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе і ад старшыні ўчастковай выбарчай камісіі №60 гэтай жа акругі.
Справа ў тым, што пры наведванні навучальных установаў і прадпрыемстваў Ленінскага раёна г.Магілёва спадар Паўлоўскі спрабаваў падаць заяўкі іх кіраўнікам з просьбай прадаставіць яму памяшканні для сустрэч з выбаршчыкамі, то бок працоўнымі калектывамі гэтых установаў. На гэта адміністрацыі гэтых установаў і прадпрыемстваў адказвалі, што ў іх ужо адбыліся сустрэчы з кандыдатамі ў дэпутаты спадарамі Юшкевічам і Лекніным. Пра гэтыя сустрэчы і графікі гэтых сустрэч установы і прадпрыемствы загадзя прадастаўлялі звесткі ў акруговую выбарчаю камісію і адміністрацыю райвыканкама і гарвыканкама.
Аляксей Паўлоўскі запатрабаваў у акруговай выбарчай камісіі прадаставіць графік гэтых інфармацыйных мерапрыемстваў на тэрыторыі Магілёўскай-Цэнтральнай акругі №85, каб на роўных умовах весці агітацыю з праўладнымі кандыдатамі. Але ён атрымаў пісьмовы адказ ад камісіі, дзе старшыня спадарыня Кліменкова адзначае, што ніякім графікам аб правядзенні інфармацыйных дзён ва ўстановах Ленінскага раёна г.Магілёва камісія не валодае.
Усё б нічога, але 24 верасня на сустрэчы з выбаршчыкамі ў памяшканні Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Куляшова спадар Паўлоўскі вёў дыктафонны запіс, пра які ведалі прысутныя. Арганізатарам сустрэчы з выбаршчыкамі выступіў Уладзімір Папоў, які з’яўляецца старшынёй участковай выбарчай камісіі №60, якая размешчана ў сценах універсітэта.
На пытанне Паўлоўскага да спадара Папова, чаму яму не прадастаўляюцца памяшканні для сустрэч з выбаршчыкамі ў розных установах, а іншыя кандыдаты ў дэпутаты праводзяць такія сустрэчы, спадар Папоў адказаў, што яны адбываюцца поводле загадзя складзенага графіка.
Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што такі графік-план існуе, бо яму давялося выпадкова сфатаграфаваць план па ідэалагічным забеспячэнні падрыхтоўкі і правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў КУП “ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна г.Магілёва”, у якім пункт 13 мае наступную фармулёўку “Правесці агітацыйную работу па азнаямленні з праграмай дзейнасці зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты”. Менавіта адпаведана гэтаму пункту ў плане адбываліся сустрэчы праўладных кандыдатаў у дэпутаты з працоўнымі калектывамі розных дзяржаўных установаў і прадпрыемстваў горада.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”