viasna on patreon

16 чэрвеня рэдактара "Барысаўскіх навінаў" суд прызнаў вінаватым у паклёпе

2005 2005-06-16T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра гэта паведаміла Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Суд г. Барысава прызнаў рэдактара газеты "Борисовских новостей" Анатоля Букаса вінаватым у парушэнні ч.2 188 КК РБ (паклёп, які ўтрымліваецца ў публічным выступленні альбо ў СМІ) і ч.2 арт. 189 КК РБ (наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме). Суддзя Алена Самцэвіч абавязала яго выплаціць штраф у памеры 40 базавых велічыняў, а таксама 3 мільёны рублёў на кампенсацыю маральных стратаў рэдактару газеты Барысаўскага гарвыканкаму "Адзінства" Веры Пратасевіч.
У лістападзе 2004 г. пракуратура г. Барысава ўзбудзіла крымінальную справу па факце публікацыі ў газеце "Борисовские новости" артыкула Анатоля Букаса "Звезданутый пострел везде поспел, или молчание ягнят", які з'явіўся ў выпуску газеты № 12 (18-24-га сакавіка 2004 г.). У публікацыі ішла гаворка пра рэдактара газеты Барысаўскага гарвыканкама "Адзінства" Веру Пратасевіч.
Суд палічыў паклёпніцкімі і зневажальнымі для яе фразы кшталту "имея уровень стенографиста заводской многотиражки...", "целые опусы, где желаемое выдаётся за действительное, а неприкрытая ложь за чистую монету…", "г-жа Протасевич... выдала на-гора очередной бред..." і інш.
Паводле А. Букаса, яго артыкул быў адказам на тры публікацыі ў газеце "Адзінства", у якіх Вера Пратасевіч называла яго "дурно воспитанным издателем", параўноўвала з дурным пеўнем і.г.д. У правядзенні лінгвістычнай экспертызы гэтых публікацый А. Букасу адмовілі.
Слуханні па справе пачаліся ў судзе г. Барысава 29-га красавіка. У той дзень В. Пратасевіч вылучыла таксама зыск аб кампенсацыі маральных стратаў на суму 5 млн. рублёў, спаслаўшыся на тое, што цяжка захварэла пасля з'яўлення публікацыі А. Букаса.
Галоўны рэдактар "Борисовских новостей" упэўнены, што справа супраць яго была ўзбуджана з ініцыятывы гарвыканкама. "Яны недобрасумленным спосабам імкнуцца знішчыць канкурэнта афіцыйнай газеты, наклад і папулярнасць якой значна саступаюць нашай, а разам з тым закрыць выданне, якое друкуе не зусім прыемныя для гарвыканкама матэрыялы", - лічыць А. Букас. Па яго інфармацыі, днямі на сустрэчы з выкладчыкамі Барысаўскага педагагічнага каледжу старшыня гарвыканкама Васіль Бургун параіў ім не выдаткоўваць дарэмна грошы, падпісваючыся на "Борисовские новости", бо, маўляў, газета ўсё роўна будзе закрытая.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства