viasna on patreon

КАТАВАНЬНІ Ў БЕЛАРУСКІХ ТУРМАХ МАЮЦЬ ПАСТАЯННЫ ХАРАКТАР

2005 2005-06-22T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дадзены ліст, які мы прыводзім ніжэй на мове арыгіналу, з вядомых прычынаў, падпісаны псеўданімам, быў перададзены ў Праваабарончы цэнтр “Вясна” разам з яшчэ дзьвумя скаргамі асуджаных з Мазырскай калоніі строгага рэжыму. Зьняволеныя прасілі перадаць іх у міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, каб тыя зьвярнулі ўвагу на агульнае становішча асуджаных у Беларусі і ў Мазырскай калоніі, у прыватнасьці. Мы выканалі іх прозьбу і пераслалі іхныя скаргі ў камітэт супраць катаваньняў ААН, галоўны офіс Amnesty International у Лондане і офіс Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) ў Парыжы.

У перададзеных лістах утрымліваецца інфармацыя, якая сьведчыць аб тым, як абыходзяцца са зьняволенымі ў турмах Беларусі. Трэба адзначыць, што Беларусь займае адно з першых месцаў у Еўропе па колькасьці асуджаных на душу насельніцтва. Праваабарончы цэнтр “Вясна” працягвае праводзіць маніторынг выкананьня Рэспублікай Беларусь патрабаваньняў Канвенцыі ААН супраць катаваньняў і іншых жорсткіх безчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня ад 10 сьнежня 1984 г., ратыфікаванай нашай краінай.

Інфармацыя, зьмешчаная ў лістах, сьведчыць пра тое, што ў Мазырскай калоніі строгага рэжыму ў адносінах да вязьняў выкарыстоўваюцца катаваньні, іншыя жорсткія і безчалавечныя віды абыходжаньня. Ахвяры гэтых катаваньняў, нягледзячы на патрабаваньні Выканаўча-папраўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, ня маюць магчымасьці зьвярнуцца са сваімі скаргамі ў органы пракуратуры і кіраўніцтва Камітэта па выкананьні пакараньняў. Дадзены стан рэчаў парушае ня толькі дзеючае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, але і прынцыпы, закладзеныя ў Мінімальных стандартных правілах абыходжаньня са зьняволенымі, прынятымі ААН 30 жніўня 1955 г.
Як вынікае з лістоў, у месцах пазбаўленьня волі адсутнічае належны кантроль з боку органаў пракуратуры, якая павінна ажыцьцяўляць нагляд за захаваньнем законнасьці ў месцах пазбаўленьня волі. Таксама адсутнічае належная праца з боку Камітэта па выкананьні пакараньняў, жахлівыя ўмовы ўтрыманьня, амаль адсутнічае медыцынская дапамога зьняволеным. Гэта прыводзіць да таго, што ў турмах адбываюцца катаваньні зьняволеных, масавыя галадоўкі пратэсту, сьвядомыя самапашкоджаньні зьняволеных.

Відавочная небходнасьць рэформы ўсёй выродлівай пенітэнцыянарнай сістэмы краіны, якая засталася нерэфармаванай з сталінскіх часоў. Адным з першых крокаў такой рэформы магло б стаць падпарадкаваньне ўсёй сістэмы выкананьня пакараньняў Міністэрству юстыцыі, а не міністэрству ўнутраных спраў, як гэта ёсьць зараз. Далей неабходная грунтоўная рэформа, з улікам міжнароднага досьведу рэфармаваньня, у першую чаргу былых сацыялістычных краінаў : Польшчы, Чэхіі, Літвы.

Становішча асуджаных і захаванне правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі.

Агульнавядома, што правы чалавека ў нашай краіне пасля фактычнай узурпацыі ўлады Лукашэнкам у лістападзе 1996 года парушаюцца з кожным годам усё больш і больш. У выніку шэрагу абставінаў: закрыцці ўстаноў Камітэту выканання пакаранняў для грамадства, даўняй арыштанцкай традыцыі ігнаравання зваротаў у дзяржаўныя органы, нізкага адукацыйнага ўзроўню большасці насельнікаў месцаў зняволення і г.д., сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў зняволенні застаюцца невядомымі нават для сяброў рэспубліканскіх праваабарончых арганізацый дэмакратычнага кірунку.

Адміністрацыя пераважнай большасці турмаў і калоній зацікаўлена толькі ў захаванні станоўчага іміджу вынікаў сваёй дзейнасці. Па-гэтаму гарантаванае нормамі Крымінальна-выканаўчага кодэксу (ч.4 арт.10 КВК) права звароту ў вышэйстаячыя інстанцыі на практыцы не працуе. Як правіла, большая частка скаргаў зняволеных у кантралюючыя органы з крытычнымі звесткамі аб злоўжываннях службовых асоб не трапляе па прызначэнню. Хіба ж можна абскардзіць незаконнае дзеянне той ці іншай службовай асобы, знаходзячыся ў пастаянна замкненай камеры штрафнога ізалятару (ШЫЗА) ці памяшканні камернага тыпу (ПКТ), будынак якіх нават у самой калоніі абнесены агароджай з калючым дротам, калі кожная адпраўляемая “паперка” праходзіць цераз рукі тых жа самых службовых асобаў?

Характэрным прыкладам адносінаў кіраўніцтва папраўчых устаноў да галоснасці з’яўляецца прыём адміністрацыяй Мазырскай калоніі строгага рэжыму (ПК-20) рабочай групы па адвольных затрыманнях Камісіі ААН па правах чалавека ў жніўні мінулага года. Напярэдадні яе прыезду начальнікі атрадаў сумесна з супрацоўнікамі аператыўнай і рэжымнай часцей калоніі, замацаваных за атрадамі, настойліва папярэджвалі сваіх “выхаванцаў”, каб тыя ні ў якім разе не звярталіся са скаргамі, пагражаючы будучай расправай. Парушальнікаў рэжыму ўтрымання з ліку пастаянных наведвальнікаў ШЫЗА часова не змясцілі ў ізалятар, а у адну з камер перавезлі спецыяльна падрыхтаванага асуджанага для “патрэбных” адказаў на пытанні прадстаўнікой ААН. У дзень наведвання рабочай групы асуджаныя з самадзейнай секцыі прафілактыкі парушэнняў – добраахвотныя памагатыя адміністрацыі ў падтрыманні парадку – па загаду кіраўніцтва пакінулі свае пастаянныя месцы дзяжурстваў на вышках і каля варотаў, каб схавацца ад вачэй “ААНаўцаў” у патаемных месцах на вытворчай зоне. Жылыя памяшканні атрадаў былі запоўнены супрацоўнікамі калоніі, кантраляваўшымі кожны крок асуджаных.
Калі трое асуджаных з ШЫЗА не збаяліся расказаць праўду, то ў адплату за непаслухмянства адміністрацыя калоніі пасля ад’езду прадстаўнікоў ААН пасадзіла іх у ПКТ на паўгода ў памяшканне з найбольш кепскімі ўмовамі, дзе раней заўсёды знаходзіўся часовы медыцынскі ізалятар (К №20). І толькі ў лютым наступнага года, пасля таго як адзін з вызваленых асуджаных у сваіх скаргах у Прадстаўніцтва ААН у РБ і пракуратуру па нагляду за выкананнем крымінальных пакаранняў паведаміў пра згаданы эпізод, тыя “праўдалюбцы” былі перавезены ў іншыя камеры ПКТ з лепшымі ўмовамі ўтрымання. Прычым крыху пазней адзін з іх па прадстаўніцтву адміністрацыі калоніі быў асуджаны на 3 гады турэмнага рэжыму.
Істотная прычына нездавальняючага становішча зняволеных заключаецца ў недастатковым бюджэтным фінансаванні ўстаноў пенітэнцыярнай сістэмы. Кіруючы рэжым, які заклапочаны далейшым захаваннем нелегітымнай улады, не выдзяляе патрэбныя сродкі на належнае ўтрыманне заключаных пад варту. Сума грашовага эквіваленту месячнага ўтрымання беларускага зняволенага ў некалькі дзясяткаў разоў меншая, чым ў цывілізаваных еўрапейскіх краінах. Як следства гэтага, асуджаны да пазбаўлення волі ці арышту змушаны працяглы час жыць у памяшканнях з нездавальняючымі жыллёва-бытавымі ўмовамі, дзе цяжка падтрымліваць належны ўзровень санітарыі і гігіены. Кожны беларускі зняволены, пазбаўлены матэрыяльнай дапамогі з волі, сістэматычна не даядае і мерзне ў халодную пару. Так, для нармальнай жыццядзейнасці чалавечага арганізму неабходна каля 80 грамаў тлушчаў. Аднак згодна нормам харчавання для асуджаных, устаноўленых Саветам Міністраў РБ, беларускі зняволены не атрымлівае нават паловы гэтай колькасці. Не ў лепшым стане знаходзяцца справы і з адзеннем. Нягледзячы на нормы рэчавага забеспячэння, устаноўленыя МУС, якія прадугледжваюць выдачу адзення, бялізны і абутку па сезону, на самой справе асуджаныя атрымліваюць, у асноўным, дэмісезонныя рэчы.
Аднак галоўнай перашкодай для захавання належнага стану асуджаных і правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі з’яўляецца недасканаласць крымінальна-выканаўчага заканадаўства і методыкі папраўчага працэсу. Крымінальна-выканаўчы кодэкс РБ і прынятыя нарматыўныя прававыя акты, у прыватнасці “Правілы ўнутранага распарадку”, на падставе якіх рэгулюецца дзейнасць папраўчых установаў, супярэчаць Канстытуцыі РБ, агульнапрынятым нормам і прынцыпам міжнароднага права, міжнародным дамовам РБ у галіне выканання пакарання і абыходжання з асуджанымі.
Артыкулы 60 і 101 КВК, якія прадугледжваюць прыцягненне асуджаных да арышту і пазбаўлення волі без аплаты працы, супярэчаць як Асноўнаму закону РБ (арт.41-42), так і Дэкларацыі правоў чалавека (арт. 23), і Канвенцыі СНД аб правах і асноўных свабодах чалавека (арт. 14). Менавіта гэтыя артыкулы выракаюць значную частку асуджаных, не згодных працаваць дарма, на шматлікія пакаранні. Усіх тых, хто не згаджаецца з узаконеным бяспраўем, адміністрацыя папраўчых установаў адпраўляе ў ШЫЗА, пераводзіць у ПКТ, прадстаўляе для асуджэння на турэмны рэжым.
Яшчэ большым прававым свавольствам вызначаецца артыкул 411 Крымінальнага кодэксу РБ (“Непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі месцаў пазбаўлення волі асобай, якая адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, калі гэта асоба за парушэнне патрабаванняў рэжыму адбывання падвяргалася на працягу года дысцыплінарнаму спагнанню ў выглядзе пераводу ў ПКТ”). Гэты красамоўны ўзор былога “саўковага” правасуддзя, які выкарыстоўваецца ў цяперашні час для расправы з непажаданымі, дапускае прымяненне крымінальнага пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі за здзяйсненне нязначных адміністратыўных правапарушэнняў. Прымяняючы згаданы артыкул, беларускае правасуддзе штогод асуджае сотні чалавек на новыя пакаранні тэрмінам да 2-х гадоў. Вось бы здзівіўся кожны жыхар з любой краіны Еўрасаюзу, калі б даведаўся пра тое, што 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму атрымаў па прысуду суда Першамайскага раёну г. Бабруйску ад 30.05.2002 г. асуджаны ПК-2 Сяргей Пасталоўскі за спазненне на ранішнюю зарадку і нявыхад на абед.
Галоўнай мэтай выпраўлення асуджаных лічыцца фарміраванне ў іх гатоўнасці весці праваслухмяны спосаб жыцця. Але гэты добры намер застаецца няздзейсненым намерам. Большасць сродкаў для іх дасягнення па прычыне іх недасканаласці і гвалтоўнаму характару прымянення выклікае ачужанасць з боку арыштанцкага асяроддзя. Значная частка беларускіх асуджаных імкнецца прытрымлівацца “вараўскога” закону, выкрышталізаванага ў нечалавечых умовах Гулагу і “саўковай” пенітэнцыянарнай сістэмы няпісанага зводу лагернага (і не толькі) жыцця. Які, нягледзячы на заганнасць сваёй накіраванасці, надзвычай рацыянальна рэгламентуе паводзіны і ўчынкі зняволеных людзей, дазваляючы ім захоўваць лепшыя чалавечыя якасці і рысы.
Толькі краевугольным камянём “вараўской” ідэі з’яўляецца непрыманне ўсіх дзяржаўных інстытутаў і ў асаблівасці адміністрацыі папраўчых устаноў, супрацоўніцтва з якой з’яўляецца ганебнай справай. Па-гэтаму супрацоўнікі амаль што ўсіх беларускіх месцаў зняволення вядуць жорсткую бескампрамісную барацьбу з прыхільнікамі альтэрнатыўнага светапогляду, ніколькі не клапоцячыся пра законнасць і захаванне правоў чалавека, гарантаваных Канстытуцыяй і Дэкларацыяй правоў чалавека.
Згодна мінімальным стандартным правілам абыходжання з асуджанымі, прынятымі ААН, рэжым, устаноўлены ў папраўчай установе, павінен імкнуцца зводзіць да мінімуму розніцу паміж жыццём у зняволенні і жыццём на волі. Але адміністрацыя папраўчых установаў Беларусі не ўстраняе гэтую розніцу, а наадварот,беспадстаўна ўзмацняе жорсткасць рэжымных патрабаванняў, што пераўтварае становішча асуджаных у нясцерпнае выпрабаванне.
На сапраўднае катаванне асуджаюць зняволеных пэўныя пункты Правілаў унутранага распарадку, згодна з якімі асуджаныя, адбываючыя пакаранні ў турме, ШЫЗА і ПКТ, змушаны знаходзіцца ў пераходны перыяд (да 15 кастрычніка і з 15 красавіка) без верхняга адзення. Асаблівыя непрыемнасці выпадаюць асуджаным у штрафны ізалятар, прымушаным начаваць без пасцелі. У выніку гэтага многія асуджаныя захворваюць на туберкулёз, пнеўманію, піеланефрыт і іншыя прастудныя хваробы, выкліканыя пераахалоджваннем.
Большасць парушэнняў правоў чалавека выклікана прымяненнем мераў прымусу. Ва ўсіх калоніях агульнага і ўзмоцненага рэжымаў неаплочваемыя, часам зусім нікому не патрэбныя работы, як падмятанне тэрыторыі, ускопванне кантрольна-следавай паласы, прыборка туалетаў, выконванне якіх лічыцца ганебным з гледзішча зняволеных. Таму адміністрацыя ўстановаў КВП, у асаблівасці ПК-15, ПК-1, ПК-20, у сваёй дзейнасці свядома выкарыстоўвае супрацьзаконныя сродкі: збіццё, запалохванне, беспадстаўнае вынясенне цяжкіх пакаранняў, уключаючы асуджэнне па артыкулу 411 КВК.
Найбольш цяжкое становішча захоўваецца ў Мозырскай эксперыментальна-паказальнай калоніі ўзмоцненага рэжыму ПК-20, якая, як ні дзіўна, па многіх паказчыках лічыцца адной з лепшых у краіне. Але “поспехі” Мозырскай калоніі дасягаюцца коштам проціпраўных, часам злачынных мераў, выкарыстоўваемых адміністрацыяй гэтай установы на працягу пяці апошніх гадоў.
Так, яшчэ ў снежні 2000 г. супрацоўнікі ПК-20 па загаду тагачаснага начальніка калоніі Бакаўца бязлітасна збілі каля 100 асуджаных, якія ўтрымліваліся ў памяшканнях ШЫЗА і ПКТ. Многія з іх атрымалі фізічныя траўмы і пашкоджанні рознай ступені. Пасля такога катавання 6 збітых асуджаных нанеслі сабе рэзаныя раны і загналі ва ўнутраныя органы металічныя прадметы, каб такім чынам выклікаць пракурора. Малады гамельчанін А.Санько, які знаходзіцца зараз у Гродзенскай СТ-1 (камера № 112), дагэтуль носіць у сваіх лёгкіх завостраны “штыр”, бо дактары хірургічнага аддзялення Рэспубліканскай бальніцы для асуджаных палічылі за лепшае пакінуць яго ў грудной клетцы.
Трэба адзначыць трагічную долю жыхара г. Саетлагорску Аляксандра Павечароўскага, вядомага ў арыштанцкім асяроддзі па мянушцы “Студэнт”. У канцы сакавіка 2002 г. гэты 40-гадовы асуджаны пасля вяртання ў калонію з гродзенскай турмы быў моцна збіты за адмову аддаць цёплыя рэчы, якія належалі яму як хвораму на туберкулёз. У знак пратэсту супраць беззаконня ён вытрымаў працяглую галадоўку, якая ў рэшце рэшт прывяла да лятальнага выніку. Супрацоўнікі медыцынскай частцы з вялікім спазненнем адправілі яго ў Рэспубліканскі шпіталь, дзе ў чэрвені ён памёр, хаця мог пражыць яшчэ не адзін год.
Бесчалавечнае абыходжанне з асуджанымі працягваецца і па сённяшні дзень, пры новым кіраўніку ўстановы Збароўскім Ю.Б., які іншым разам і сам бярэ удзел у ініцыяваных ім расправах з асуджанымі. 14 сакавіка 2005 г. па яго загаду супрацоўнікі аператыўнай часткі жорстка збілі Рамазана Мамедбекава за адмаўленне выконваць неаплочваемую працу. Сам Юрый Багданавіч Збароўскі пасля абразы нацыянальнай годнасці з адлегласці ў некалькі крокаў кідаў гумовую дубінку над галавой пастаўленага да сцяны на “растяжцы” (у палажэнні з шырока растаўленымі нагамі) “адмоўшчыка”, пагражаючы яму забойствам.
24 сакавіка 2002 г. супрацоўнікі рэжымнай часткі з кантралёрамі начальніка калоніі па рэжымна-аператыўнай працы Рабава ў ШЫЗА незаконна прымянілі фізічную сілу да асуджаных Гапончыкава, Мамедбекава, Цвяткова, Унгура з камеры №6 і Плешчэева з камеры №7, якому маёр Шульга зламаў руку. Пасля гэтага больш за 50 асуджаных з ШЫЗА і ПКТ трымалі 4-дзённую галадоўку, каб прадухіліць далейшыя катаванні.
Дарэчы, гэта ўжо другая масавая галадоўка з пачатку года, не лічачы адзіночных. У канцы студзеня пасля “ўсплёску” фізічных расправаў, у прыватнасці над асуджаным Маісеенка, адбылася 5-дзённая галадоўка асуджаных, размешчаных у ШЫЗА і ПКТ.
Акрамя незаконнага прымянення фізічнай сілы адміністрацыя калоніі не захоўвае належныя ўмовы ўтрымання, парушае нормы выдачы харчавання, напрыклад, асуджаных, змешчаных у ШЫЗА і ПКТ, пазбаўляюць цукру і мяса, не забяспечваюць неабходны ўзровень медыцынскай дапамогі. Скаргі і звароты асуджаных у дзяржаўныя органы і грамадскія арганізацыі па абароне правоў чалавека не адпраўляюцца па прызначэнню.
Не ў лепшым стане знаходзяцца ўмовы ўтрымання асуджаных да арышту. У выніку адсутнасці арыштных дамоў, якія павінны з’явіцца толькі з 2006 г., гэтых асуджаных утрымліваюць у перапоўненых памяшканнях следчых ізалятараў, дзе захаваць належнае становішча ў рэчаіснасці немагчыма.
Прыведзеныя факты – толькі адзінкавыя звесткі з вялізарнай колькасці сістэматычных парушэнняў правоў чалавека ў пенітэнцыярнай сістэме Беларусі. Адзначанае становішча патрабуе рашучых дзеянняў з боку рэспубліканскіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, Камітэту ААН па правах чалавека. І першым крокам у гэтым напрамку павінна стаць падпарадкаванне Камітэту выканання пакаранняў з МУС Міністэрству юстыцыі РБ, як гэта існуе ў цывілізаваных краінах свету.

20.05.2005 г. Саўка Астрожнік, асуджаны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства