У Менску створана ініцыятыўная група па правядзеньню рэферэндуму
У Менску 21 чэрвеня прайшоў сход ініцыятыўнай групы па правядзеньню гарадзкога рэфэрэндуму ў справе перайменаваньня цэнтральных вуліцаў і праспэктаў. Удзельнікі сходу прынялі рашэньне аб стварэньні ініцыятыўнай групы, сьпіс праектаў пытаньняў, і зварот да менскіх уладаў з заклікам зарэгістраваць групу.
Сход ініцыятыўнай групы па правядзеньні гарадзкога рэфэрэндуму праходзіў у штаб-кватэры партыі БНФ. Каля 100 чалавек, сярод якіх актывісты палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і проста неабыякавыя да лёсу гістарычных назваў грамадзяне, прынялі ў ім удзел. Ініцыятар сходу, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер быў абраны старшынём ініцыятыўнай групы. Ён паведаміў радыё Свабода: ”Першае, што будзе рабіць група – гэта хадзіць да натарыюса й завяраць свае подпісы. На працягу тыдня мы пададзім увесь камплект дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы й пытаньні рэфэрэндуму і будзем чакаць. Цягам месяцу ўлады павінны вырашаць – рэгістраваць ці не”.
Калі ўлады згадзяцца на правядзеньне рэфэрэндуму, то ён можа адбыцца на пачатку наступнага году, але ініцыятары лічаць, што ўлады наўрад ці рэфэрэндум дазволяць. Таму старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка гатовы працягваць адукацыйную працу сярод нашых грамадзянаў: “Мы з вамі выходзілі й будзем выходзіць на гвалтоўна перайменаваныя вуліцы й тым самым спакваля, але няўхільна рыхтаваць вяртаньне свабоды, дэмакратыі й сапраўднай гістарычнай памяці ў нашую шматпакутную Бацькаўшчыну”.