«Урок беларускае мовы» прызнаны экстрэмізмам
У газэце «Звязда» ад 2 кастрычніка зьмешчаны рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Паводле рашэньня суду Кастрычніцкага раёну Горадні ў гэты сьпіс трапілі фільм «Урок беларускай мовы» Міраслава Дэмбіньскага, а таксама запіс канцэрту «Салідарныя зь Беларусьсю», які праходзіў у Варшаве 12 сакавіка 2006 году.
Гэтыя матэрыялы, а таксама яшчэ сем дыскаў з фотаздымкамі падзеяў на Плошчы, 11 чэрвеня былі канфіскаваныя ў магілёўскага актывіста Алеся Буракова, які вяртаўся з Варшавы. Рашэньне суду ўступіла ў сілу 16 верасьня. Сам Буракоў кажа, што не атрымліваў ніякіх позваў у суд, а таксама нічога ня ведаў пра вынесены прысуд.
Нагадаем, што справа з «экстрэмізмам» была ініцыяваная гарадзенскім КДБ. 18 верасьня ўжо мусіў пачацца разгляд справы па прызнаньні экстрэмісцкай друкаванай прадукцыі, што ў розныя гады была канфіскаваная гарадзенскімі памежнікамі.
Па справе праходзіць дзевяць чалавек (цяпер можа высьветліцца, што іх нашмат болей) — журналіст Анджэй Пісальнік, сябар АГП Ўладзімер Ларын, сёньняшнія і былыя студэнты праграмы Каліноўскага Яўген Скрабутан, Аляксей Трубкін, Дзьмітры Мальчык, Барыс Гарэцкі, праваабаронца Валеры Шчукін, Юры Марціновіч і Дзьмітры Ёдка.
Сярод магчымых «экстрэмісцкіх» матэрыялаў разглядаюцца газэта непрызнанага Саюзу палякаў «Głos znad Niemna na uchodźstwie», кніга Паўла Севярынца «Лісты зь лесу», матэрыялы першага Кангрэсу дэмакратычных сіл і шмат іншых матэрыялаў.
Працэс быў перанесены на кастрычнік. Наколькі пакуль вядома, то ніхто зь фігурантаў не атрымліваў паўторныя позвы зьявіцца ў суд.