Алесь Бяляцкі: «Улады ўвогуле перасталі саромецца назіральнікаў»
Беларускія праваабаронцы сцвярджаюць, што зафіксаваныя імі факты парушэння заканадаўства і грубай фальсіфікацыі “выбараў” у Беларусі амаль немагчыма данесці да грамадзкасці, і ўлады гэтым бессаромна карыстаюцца. Беларускія праваабаронцы падзяліліся з літоўскімі журналістамі ў Вільні інфармацыяй аб назіранні за “выбарамі”– пра гэтую палітычную кампанію дзяржаўныя мас-медыя ў Беларусі не давалі і не даюць ня толькі што альтэрнатыўнай, але амаль ніякай інфармацыі, паведамляе радыё «Deutsche Welle».
"Сама ціхая агітацыйная кампанія з усяго, што мы назіралі за апошнія 15 год", – такую характарыстыку даў старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэту Гары Паганяйла.
Інфармацыйны вакуум у краіне, паводле віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага, стварае глебу для беспакараных рэпрэсыяў.
"У нас некалькі кандытатаў звольнілі з працы проста нахабным чынам. Ёсць сенсацыйны запіс аднога з кандыдатаў у Кобрыне, які запісаў на сотавы тэлефон размову з ім начальніка кобрынскага КДБ і дырэктара ягонага прадпрыемства, якія ўдвух яго "уломвалі", а потым паставілі ультыматум: "гарадок у нас невялікі, калі хочаш працаваць – здымайся".
Ён гэта запісаў, выклаў у інтэрнеце, мы яшчэ да гэтага ўвагу прыцягнулі – і што? Ці быў пакараны гэты начальнік КГБ або дырэктар заводу? Не, нічога такога. Чалавека спакойна звольнілі, і гэтым усё скончылася", - распавядае Алесь Бяляцкі.
Аналагічна бездапаможна, паводле Бяляцкага, адчуваюць сябе незалежныя назіральнікі на “выбарах”, маючы на руках неабвержныя доказы падману падчас падліку галасоў, якія нікога не цікавяць і не палохаюць.
"У нас дзясяткі гэтых выпадкаў – сядзіць назіральнік, лічыць па галовах, у яго прагаласавала датэрмінова 150, у пратаколе пры падліку галасоў з’яўляецца лічба 450, 500, 600. Што гэта такое!? Ці гэта выбары!? Улады ўвогуле перастацца саромецца назіральнікаў – ня толькі нас, але і міжнародных", - сцвярджае Бяляцкі.
Літоўскія журналісты, якія слухалі расповед беларускіх праваабаронцаў, больш за ўсё не маглі зразумець, чаму грамадзтва не цікавіцца адкрытым гвалтам улады над сабой – хоць падчас датэрміновага галасавання, на якое, паводле назіральнікаў, людзі былі загнаныя пераважна ў прымусовым парадку. Праваабаронцы маглі адказаць толькі красамоўнымі прыкладамі.
"Усе да гэтага ўжо зусім прызвычаіліся. Дапусцім, з Слуцку нам прыйшоў фотаздымак аб’явы ў школе: "Шаноўныя калегі, прагаласуйце датэрмінова, бо ўжо запатрабаваныя спісы настаўнікаў, што не прагаласавалі." Кім запатрабаваныя, навошта – можна толькі здагадвацца. Або ведамасці ў Баранавічах, дзе настаўнікі распісваліся проста, пасля таго як прагаласавалі датэрмінова", - гаворыць намеснік старшыні праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч.
Пададзеная ў Вільні пазіцыя аб якасці беларускіх “выбараў” – гэта толькі адзін з пунктаў гледжання. Міжнародныя назіральнікі ад Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе “выбары” прызналі недэмакратычнымі, але ўгледзелі пэўны прагрэс у параўнанні з ранейшымі. А назіральнікі ад СНД ніякіх парушэнняў традыцыйна ўвогуле “не заўважылі”.