Справу Сяргея Скрабца пачаў весьці сьледчы ў асабліва важных справах Рэспубліканскай пракуратуры Вячаслаў Цераховіч.
Паводле намесьніка генэральнага пракурора Беларусі Мікалая Купріянава, абедзьве крымінальныя справы супраць Сяргея Скрабца -- актыўнага апазыцыянэра, былога дэпутата і лідэра дэпутацкай групы "Рэспубліка" -- аб`яднаныя ў адну.
У красавіку 2003 году супраць Сяргея Скрабца ўзбудзілі першую справу -- яго абвінавацілі ў выманьваньні крэдытаў у дзяржавы й арганізацыі злачыннай групы ў той час, калі ён узначальваў Гандлёвы дом "БелБабаеўскі". У траўні 2005 году яго абвінавацілі ў другой справе -- падрыхтоўка да злачынства і хабарніцтва.
Скрабца затрымалі ў Менску 15 траўня й адразу перавезьлі ў Берасьцейскі сьледчы ізалятар, дзе ён адразу абвясьціў галадоўку. Гэтак ён пратэстуе супраць арышту й абвінавачаньняў на свой адрас, якія ён лічыць беспадстаўнымі, паведамляе “Радыё Свабода”.