Улады памнажаюць сьпісы “экстрэмісцкага” мастацтва
Дзякуючы пільнасьці беларускіх уладаў імкліва пашыраецца сьпіс “экстрэмісцкай”, а значыць — забароненай кіна- і відэапрадукцыі. Мы ўжо паведамлялі, што ў газэце “Звязда” надрукаваны пералік твораў, якія апошнім часам выклікалі падазрэньне дзяржаўных экспэртаў: дакумэнтальны фільм “Урок беларускай мовы” польскага рэжысэра Міраслава Дэмбінскага, відэазапіс канцэрту ў Варшаве “Салідарныя зь Беларусьсю” і нават дыскі з фотаздымкамі падзеяў у Менску ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Матэрыялы былі сканфіскаваныя ў магілёўскага журналіста Аляксандра Буракова, і рашэньнем суду Кастрычніцкага раёну Горадні іхні зьмест прызнаны “экстрэмісцкім”.
Палітычная цэнзура ў галіне культуры ў Беларусі актыўна ўжываецца ад сярэдзіны 1990-х. І хоць спэцыяльна прыняты закон “Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму” ў Беларусі пачаў дзейнічаць толькі летась, адным зь першых трапіў у чорны сьпіс “экстрэмістаў” рэжысэр Юры Хашчавацкі — ягоны “Звычайны прэзыдэнт” ніяк не ўкладаўся ў ідэалягічныя стандарты новай беларускай улады. Неўзабаве такі ж лёс напаткаў Уладзімера Халіпа, Віктара Дашука, Леаніда Міндліна, іншых кінадакумэнталістаў. Усе яны станавіліся ляўрэатамі прэстыжных міжнародных конкурсаў і заставаліся па-за законам на радзіме.
У новым тысячагодзьдзі практыка дзяленьня на сваіх і чужых ня толькі захавалася, але і пашырылася. Ня так даўно Ўпраўленьне рэгістрацыі і клясыфікацыі кіна- і відэапрадукцыі пры Міністэрстве культуры адмовіла ў легальным статусе стужкам “Дарога дадому. Рэквіем” і “Акупацыя. Містэрыі”. Самы сьвежы прыклад — тэлеспэктакль “Тутэйшыя”, зьняты на замову каналу “БелСат”.
Начальнік згаданага ўпраўленьня Ўладзімер Курловіч афіцыйна паведаміў рэжысэрам Валеру Мазынскаму і Дарыюшу Шада Бажашкоўскаму: “У фільме скажаецца сэнс і мастацкая скіраванасьць твору Янкі Купалы, што стварае ў гледача няправільнае ўяўленьне аб творчасьці клясыка беларускай літаратуры, закранае яго годнасьць”. Цэнзары таксама выявілі, што ў фінальнай частцы маюць месца “праявы шавінізму і нацыянальнай выключнасьці, што недапушчальна”. Дадамо, што яшчэ раней у Купалаўскім тэатры “зацерлі” “Тутэйшых” у пастаноўцы Мікалая Пінігіна, а сама п’еса, варта нагадаць, была пад забаронай амаль увесь савецкі пэрыяд.
Зьмест ліста падобны да таго, што колісь атрымалі аўтары фільму, прысьвечанага Васілю Быкаву — “Дарога дадому. Рэквіем”. Цытуе рэжысэрка Ірына Пісьменная: “ Адбылося абмеркаваньне фільма “Дарога дадому. Рэквіем”. У паседжаньні бралі ўдзел (далей зьвярніце ўвагу — І.П.) прадстаўнікі экспэртнай рады кінамастацтва, клясыфікацыйнай камісіі Дзяржрэгістру, Рэспубліканскай экспэртнай камісіі для прадухіленьня прапаганды парнаграфіі (гаворка, нагадаю, пра Быкава — І.П.)… Фільм прысьвечаны ўспамінам пра пісьменьніка-франтавіка Васіля Быкава, чыя творчасьць на ваенную тэму амаль цалкам экранізаваная. Аднак у прадстаўленым фільме не расказваецца пра Быкава-пісьменьніка, а стужка можа зрабіць адмоўны ўплыў на маральна-этычныя асновы жыцьця беларускага народу (вы ўяўляеце, 26-хвілінны фільм у стане сапсаваць маральна-этычны стан народу? — І.П.). У сувязі з выкладзеным вышэй, у выдачы дзяржаўнага пракатнага пасьведчаньня для паказу фільма на тэрыторыі Беларусі адмовіць”.
Некалькі гадоў таму на знак пратэсту супраць палітызацыі Дзяржрэгістру зь яго сышла Ала Бабкова. Да таго часу спадарыня Бабкова 10 гадоў выконвала тэхнічную працу, якой і належыць займацца экспэртам — “тасаваць” стужкі паводле рангу. Але з уласнага досьведу яна кажа, што ўсё часьцей дзейнасьць чыноўнікаў ад культуры скіраваная на барацьбу з іншадумствам: “Рэгістар існуе дзеля чаго? Каб даваць градацыю стужкам — ад маленькіх гледачоў да “толькі для дарослых”, калі ёсьць эротыка. Гэта арганізацыя, якая павінна наглядаць за маральнасьцю. Нягледзячы на тое, што ўвесь час Цьвяткоў, калі яшчэ быў галавой рэгістра, казаў, што яны толькі маральнымі забаронамі карыстаюцца, але насамрэч гэта ня так. Пад гэтую дудку забараняюць фільмы і па ідэалягічных, і па палітычных матывах”.
Карэспандэнт: “Адмова ў пракатным пасьведчаньні — гэта фактычна забарона?” “Забарона дэманстравацца на тэрыторыі Беларусі. Яны хацелі б, канечне, каб паўсюль. Але досьвед фільма “Акупацыя. Містэрыі” Кудзіненкі паказаў: у сьвеце не зьвяртаюць увагі на забарону ў Беларусі. Калі паказвалі ў Маскве фільм Кудзіненкі, пайшла зь міністэрства папера, якой яны спрабавалі паказ забараніць, але нічога з гэтага не атрымалася. Таксама як на міжнародных фэстывалях і ў іншых краінах”.
Паказальна, што менавіта аўтары і стужкі, якія не ўспрымаюцца на дзяржаўным узроўні, найчасьцей трапляюць у лік пераможцаў розных міжнародных кінафэстываляў. Самымі прэстыжнымі ўзнагародамі адзначаныя згаданыя ўжо Юры Хашчавацкі, Леанід Міндлін; днямі з расейскага Ханты-Мансійску вярнуўся рэжысэр Уладзімер Колас. “Залатую Багіню” міжнароднага кінафэстывалю дакумэнтальных фільмаў атрымала ягоная стужка “Галерэя Ады” (гераіня фільму — былая настаўніца, мэцэнатка Ада Райчонак, якая заснавала ў вёсцы Германавічы на Віцебшчыне мастацкую галерэю і ўжо некалькі гадоў ладзіць плэнэры для беларускіх і замежных мастакоў).
Чаму таленавітыя людзі незапатрабаваныя на Радзіме? Культуроляг Максім Жбанкоў мяркуе, што справа ня толькі ў апазыцыйнасьці ці палітычнай неляяльнасьці канкрэтных асобаў, а ўвогуле ў тым, як пабудавана сыстэма працы ў сфэры культуры. Дый такія майстры, на яго думку, самі не змаглі б працаваць у тых жорсткіх рамках, якія дзяржава акрэсьліла для творцаў. Таму, прыкладам, Юры Хашчавацкі ніколі не марнаваў часу на ліставаньне зь Дзяржрэгістрам: “Яны з гледзішча чыноўнікаў “занадта вумныя”. Таму што ёсьць ланцужок з інструкцый, пагадненьняў; ёсьць ланцужок нейкіх цэнзурных разглядаў, трэба, каб гэта ўсім спадабалася зь ліку кіраўніцтва. У свой час мне пра гэта казаў Андрэй Кудзіненка, калі тлумачыў, чаму ён свой фільм “Акупацыя” рабіў па-за межамі “Беларусьфільму”. Ён сказаў, што там усё ўтапілася б у адміністрацыйнай багне. Тое ж самае і ў дадзеным выпадку: ёсьць трансфармацыя на ўсіх узроўнях. Прычым трансфармацыя ня ў лепшы бок. Таму, я думаю, ніякіх прарываў ня будзе, іх проста адказныя за “парадак” чыноўнікі не дапусьцяць. І тое, што, дарэчы, зьнялі “Тутэйшых” у Купалаўскім, гэта таксама вельмі паказальны момант — нават дзяржаўныя ўстановы не пазьбеглі цэнзуры”.
З улікам таго, што ў Беларусі толькі дзяржаўная рэгістрацыя дазваляе распаўсюджваць прадукцыю і афіцыйна ладзіць паказы, адмова ў пракатным пасьведчаньні азначае ня толькі фактычную забарону канкрэтнага твору, але і забарону на прафэсію.