Но вы пэрформанс Аляксандра Пушкіна
Мастак Алесь Пушкін быў дастаўлены ва ўправу ўнутраных справаў Ленінскага раёну за пэрформанс, які ён ладзіў 4 ліпеня а 5-ай гадзіне раніцы, паведаміла Радыё Свабода.
На прыступках Мастацкага музэю ён паставіў 4 партрэты беларускіх дзеячоў, якія былі загорнутыя ў чорную тканіну і абвязаныя чырвонымі ланцугамі. Алесь на вачах у мінакоў, якія вярталіся пасьля сьвяточнага фэервэрку, пачаў здымаць з партрэтаў тканіну, але міліцыянты не далі яму працягнуць акцыю і затрымалі мастака. Паколькі Алесь Пушкін аказаў супраціў, на яго начапілі кайданкі і несьлі ў гарадзкі аддзел міліцыі на вуліцу Карла Маркса тварам уніз.
Тры гады таму 3 ліпеня Алесь Пушкін з партрэтамі беларускіх дзеячоў быў затрыманы каля будынку Дома Ўраду на пляцы Незалежнасьці. За гэта ён быў аштрафаваны судом Маскоўскага раёну. На гэты раз мастака адпусцілі, не склаўшы на яго пратакол.
Разам з Пушкіным у міліцыю трапілі фотакарэспандэнт агенцтва Associated Press Сяргей Грыц і фотакарэспандэнтка газэты “Наша Ніва” Юлія Дарашкевіч. Карэспандэнтаў трымалі ў пастарунку тры гадзіны, ім не дазвалялі выйсьці на вуліцу і адпусьцілі толькі тады, калі прыехаў намесьнік кіраўніка Ленінскага раёну. На думку фотакарэспандэнтаў, міліцыянты злоўжывалі сваім службовым становішчам, бо ім былі прад’яўленыя ўсе неабходныя дакумэнты.