Сяргею Скрабцу адмоўлена ў зьмяненьні меры стрыманьня
Суд Цэнтральнага раёну Менску разгледзеў 1 ліпеня хадайніцтва апазыцыйнага палітыка былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Скрабца аб змяненні меры стрымання і не знайшоў падставаў для яго задавальнення, паведаміла Радыё Свабода. Такім чынам, ён па-ранейшаму застаецца пад арыштам у Берасьцейскім сьледчым ізалятары.
Паколькі справай экс-парлямэнтара ўжо два тыдні займаецца рэспубліканская пракуратура, дык адпаведна і разгляд хадайніцтва аб вызваленьні на падпіску пра нявыезд альбо пад хатні арышт давялося рабіць суду Цэнтральнага раёну сталіцы.
Працэс ішоў менш за паўгадзіны. Да таго ж зь Берасьця ня змог прыехаць адвакат Сяргея Скрабца Міхаіл Хоміч, і не было каму абараняць інтарэсы вязьня, не было каму патлумачыць судзьдзі Алене Ільіной пра стан здароўя чалавека, які галадаваў каля сарака дзён.
Прадстаўнік пракуратуры ў сваім выступе ў судзе казаў, што для зьмяненьня меры стрыманьня не існуе неабходных аргумэнтаў. І судзьдзя Ільіна хадайніцтва Скрабца не задаволіла.