viasna on patreon

Суды над апазыцыйнымі кандыдатамі ў дэпутаты працягваюцца

2008 2008-10-23T10:07:32+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У сераду Ельскі раённы суд завочна аштрафаваў актывіста АГП, назіральніка Дзяніса Рабянка быццам бы за парушэньне заканадаўства аб выбарах на 500 даляраў. Сёньня ў Баранавічах адбудзецца судовы працэс паводле пазову былога кандыдата ў дэпутаты Мікалая Чарнавуса аб абароне гонару і годнасьці. У чаканьні суду былы віцебскі міліцыянт Андрэй Левінаў.

Мікалай Чарнавус не адзін раз адстойваў інтарэсы баранавіцкіх прадпрымальнікаў, падаваў заяўкі ў гарвыканкам на правядзеньне пікетаў, пісаў заявы у падатковую інспэкцыю, вёў перамовы з прадстаўнікамі ўкраінскай амбасады ў Беларусі, каб у пяцікілямэтровай памежнай зоне ўкраінцы разьмясьцілі аптовыя рынкі. Актыўная пазыцыя актывіста Чарнавуса даўно не падабаецца мясцовым уладам, і 24 траўня ў баранавіцкай газэце “Наш край” зьявіўся вялікі артыкул на дзьвюх старонках, які, на думку Мікалая Чарнавуса, быў заказным: 

 

“Ужо ўсе ведалі, што Чарнавус ідзе ў кандыдаты ў дэпутаты, і журналіст Худэнка Мікалай Мікалаевіч у “Нашым краі” піша вялікі артыкул “У ахвоту бойка мне, ох як у ахвоту!”, у якой выліў на мяне шмат бруду. І я падаў у суд у абарону гонару і годнасьці”.

 

Сёньня ў баранавіцкім гарадзкім судзе пачнецца разгляд пазову Мікалая Чарнавуса.

 

Віцебскага міліцыянта Андрэя Левінава, як на гэтым тыдні зьяўляецца грамадзкім рэдактарам Радыё Свабода, ў бліжэйшай пэрспэктыве чакае тры судовыя працэсы:

 

“Адзін—гэта аднаўленьне на службе, другі суд – абарона гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі, і трэці суд, як гаворыцца, “безь мяне мяне жанілі”, безь мяне вынесьлі рашэньне, аштрафавалі мяне на 10 базавых велічыняў за тое, што я быццам бы, яшчэ знаходзячыся на службе, пабіў высокапастаўленага супрацоўніка міліцыі”. 

 

Андрэй Левінаў мае намер прайсьці ўсе судовыя інстанцыі, якія прадугледжаныя заканадаўствам: ад раённага суду першай інстанцыі, касацыйных скаргаў у Вярхоўны суд, Канстытуцыйны суд, каб потым аспрэчваць рашэньні беларускіх судоў у міжнародных судах. Былы міліцыянт і былы кандыдат у дэпутаты Андрэй Левінаў кажа:

 

“З аднаго боку, я, як бы там не было, спадзяюся, што суд усё ж такі прыме рашэньне у адпаведнасьці з законам. З другога боку, рэальна гледзячы на рэчы, я разумею, што, хутчэй за ўсё, суд прыме рашэньне не ў адпаведнасьці з законам. Усе ж разумеюць, што любы закон у нас як зручна, так і паварочваюць”. 

 

І Андрэя Левінава, і Дзяніса Рабянка судзілі завочна, хаця ні аднаму, ні другому не паведамілі пісьмова, праз позву пра судовае паседжаньне. А потым толькі з рашэньня суду спадар Рабянок, да прыкладу, даведаўся, што ён нібыта наўмысна ўхіляўся ад яўкі ў суд.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства