За зьняцьце з выбараў – 1.700.000 бел. руб.
Выбарчая камісія Буда-Кашалёўскай акругі падала судовы пазоў на былога кандыдата ў дэпутаты Кастуся Жукоўскага. 1 мільён 700 тысяч рублёў з актывіста дэмакратычных сілаў плянуюць спагнаць за зьняцьце з выбараў у якасьці кампэнсацыі за вырабленыя агітацыйныя матэрыялы. Паседжаньне суду заплянавана на 17 лістапада.
Старшыня Цэнтральнай выбарнай камісіі па выбарам і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Лідзія Ярмошына ў інтэрвію БелаПАН паведаміла, што былыя кандыдаты ў дэпутаты, якія зьняліся з выбараў, паводле закону абавязаны кампэнсаваць сродкі, патрачаныя імі на выраб агітацыйных матэрыялаў.
Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік, камэнтуючы прэтэнзіі выбарнай Буда-Кашалёўскай камісіі да Кастуся Жукоўскага, акцэнтаваў увагу на прычыне “зьняцьця кандыдатуры”:
“Калі кандыдат выкарыстаў сродкі, выдаткаваныя на агітацыйную прадукцыю, а потым зьняў сваю кандыдатуру без паважлівых прычын,то паводле закону мусіць гэтыя сродкі кампэнсаваць”...
Узьнікае пытаньне, што ёсьць паважлівай прычынай. Пэўнага адказу Мікалай Лазавік на гэтае пытаньне ня даў:
“Ну, паважлівыя прычыны... у кожным пэўным выпадку выбарная камісія павінна разглядаць. Найперш, я мяркую, гэта праблемы са здароўем. У заканадаўстве не прапісана, што ёсьць паважлівай прычынай. Але калі гэта “мне проста не хочацца далей удзельнічаць у гэтай выбарнай кампаніі”, то гэта не можна лічыць прычынай паважлівай”...
Прычынай зьняцьця сваёй кандыдатуры Кастусь Жукоўскі назваў няроўныя магчымасьці у прадзяржаўных і апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты:
Мы гэта фатаграфуем, адсылаем, нам у адказ прыходзіць: “агітацыйная прадукцыя разьмешчана ў дазволеных месцах”. Гэта папросту сьмешна было
“Кузанаў парушаў правілы. Мы проста даводзілі гэта да Цэнтарвыбаркама, да таго ж самага Лазавіка пісалі лісты. Прыкладам, яны расклейвалі ксэракопіі ўлётак нават без выходных дадзеных. Мы гэта фатаграфуем, адсылаем, нам у адказ прыходзіць: “агітацыйная прадукцыя разьмешчана ў дазволеных месцах”. Гэта папросту сьмешна было. І мы прынялі рашэньне, што калі нам не даюць роўных магчымасьцяў (то бок, калі я парушаю, - ідзі сюды, калі ён парушае, - яму нічога за гэта), - значыць, мы здымаемся”...
Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка лічыць, што адсутнасьць у законе дакладнай фармулёўкі: што лічыць паважліва прычынай, а што – непаважлівай, – павінна быць на карысьць сп. Жукоўскаму:
“Калі сыходзіць з агульнаэўрапейскіх правілаў, то калі няма тлумачэньня ў законе, што гэта такое, то любое тлумачэньне кандыдата можа лічыцца паважнай прычынай”.
Але сам Кастусь Жукоўскі аптымізму ў дачыненьні да рашэньня суда не адчувае:
“Я ведаю, што яны не прызнаюць тую нагоду паважлівай. Буду плаціць... Праз чатыры гады будуць зноў выбары, буду працаваць там, бо людзі там жывуць добрыя, мне спадабалася працаваць там...”