Справу Пісальніка пакінулі без разгляду
Суд Кастрычніцкага раёну Гродна пакінуў без разгляду справу аб экстрэмісцкім змесце нумару газэты “Глос з-над Немна ў выгнанні”, ініцыятарам якой выступаў кіраўнік упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці Ігар Сяргеенка.
Скандальная справа супраць газэты “Глос з над Немна ў выгнанні” і яе тагачаснага галоўнага рэдактара Анджэя Пісальніка была прынята да разгляду судом Кастрычніцкага раёна амаль 2 месяцы таму.
Кіраўнік упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці генерал-маёр Ігар Сяргеенка прасіў суд прызнаць нумар газэты, канфіскаваны ў свой час гарадзенскіміі мытнікамі ў Анджэя Пісальніка экстрэмісцкім і вынесці рашэнне аб яго знішчэнні.
Суд прапанову шэфа мясцовага КДБ адхіліў: суддзя Аляксандар Сіцько спаслаўся на адпаведны артыкул грамадзянска-працэсуальнага кодэкса, які дае права пакінуць справу без разгляду.
Бліжэйшым часам Анджэй Пісальнік збіраецца звярнуцца ў суд Кастрычніцкага раёна з прапановай вярнуць яму нумар “Глоса з над Немна ў выгнанні” – журналіст “Жэчыпосполітай” лічыць, што калі справа пакінута без разгляду - нумар выдання не ўтрымлівае экстрэмісцкіх матэрыялаў і як след, не цікавіць судовую установу.