Пракуратура папярэдзіла Гарбачова за заклікі да акцыі
10 лістапада старшыня грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва (зарэгістравана ва Ўкраіне) Віктар Гарбачоў зноў быў выкліканы па месцы жыхарства ў пракуратуру Барысаўскага раёну.
Тут яму пад росьпіс уручылі афіцыйнае папярэджаньне за заклікі да акцыяў (арт.23.34 Адміністрацыйнага кодэксу) і за дзеяньні ад імені арганізацыі, не зарэгістраванай у Беларусі (арт.193. ч.1 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Падпісаў папярэджаньне пракурор Барысаўскага раёну Ўладзімер Шпакоўскі.
“Мне паведамілі, што супрацоўнікі пракуратуры выявілі ў сетцы Інтэрнэт шматлікія інтэрвію і публікацыі, у якіх я нібыта заклікаю прадпрымальнікаў да акцыяў пратэсту. Мае тлумачэньні, што я выказваю ўсяго толькі асабістыя меркаваньні, не былі прынятыя. Мне нават прыгразілі крымінальнай адказнасьцю”, — паведаміў Віктар Гарбачоў.
Ён таксама кажа, што папярэджаньне пракуратуры змушае быць больш асьцярожным і дакладным.
“Але ГА “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” мае права дасьледаваць эканамічную сытуацыю на рынках у Беларусі і тлумачыць яе людзям. Акрамя таго, мы дзейнічаем у межах статуту нашай арганізацыі. І будзем працягваць гэта рабіць”, — заяўляе Віктар Гарбачоў.