viasna on patreon

Гомельшчына: сябра АГП не знайшоў абароны ад штрафу

2008 2008-11-14T21:36:09+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сёньня Гомельскі абласны суд адхіліў скаргу грамадзкага актывіста з Калінкавічаў, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзяніса Рабянка на вынесены Ельскім раённым судом нібыта за парушэньне выбарчага заканадаўства вялікі (адпаведны пяцістам далярам) штраф.

“Зьдзівіла тое, што абласны суд – ня нейкі там Ельскі суд на пэрыфэрыі, які не выконвае законаў і працэсуальных нормаў, – а абласны суд вельмі лёгка, цягам пяці хвілін пацьвярджае беззаконьне. Справа супраць мяне цалкам не абгрунтаваная, накіраваная на тое, каб я кінуў займацца палітыкай”, – сказаў у інтэрвію “Свабодзе” Дзяніс Рабянок.

Адміністрацыйны перасьлед Дзяніса Рабянка быў распачаты падчас парлямэнцкіх выбараў пракуратурай Ельскага раёну. Дзьве мясцовыя жанчыны нібыта бачылі, як актывіст зьбіраў у Ельску подпісы для вылучэньня кандыдатам у дэпутаты парлямэнту прадстаўніка АДС зь Лельчыцаў Мікалая Гаўрыленкі. Апошні, дарэчы, вылучаўся праз партыйны пратакол.

10 кастрычніка судзьдзя Ельскага раённага суду Сігай завочна аштрафаваў Дзяніса Рябянка на 1 мільён 50 тысяч рублёў. У справе ёсьць даведка з Калінкавіцкага РАУС, што актывіста нельга прымусова даставіць у суд. Міліцыя нібыта не змагла яго знайсьці, хаця, як сьцьвярджае актывіст, у той час ён знаходзіўся дома і хацеў абавязкова паўдзельнічаць у разглядзе справы, каб патлумачыць абсурднасьць прэтэнзіяў.
 
Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў, які прысутнічаў на судзе, лічыць, што ў рэгіёне працягваецца перасьлед моладзі з палітычных матываў:

“Працягваецца запалохваньне моладзі, каб яна не праяўляла актыўнасьці. Ніякіх зьменаў, ніякай лібэралізацыі ў Беларусі няма. Судзьдзя Емельяновіч вельмі хваляваўся: яму, відаць, няёмка было выносіць такую пастанову. Але, тым ня менш, вынес тое, што павінен вынесьці ў гэтых умовах, у гэтай сыстэме”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства