Газета «Борисовские новости» пазбаўлена магчымасці друкавацца і распаўсюджвацца
З пачатку новага года недзяржаўная грамадска-палітычная газета «Борисовские новости» (Мінская вобл.) пазбаўлена магчымасці друкавацца, а таксама распаўсюджвацца праз уласную гандлёвую сетку. У снежні прыватная друкарня «Плутас-Маркет» (Мінск), дзе друкавалася апошнія гады рэгіянальнае выданне, паведаміла рэдакцыі «БН», што са студзеня 2009 года скасоўвае дамову аб супрацоўніцтве. У сувязі з «сусветным фінансавым крызісам», — патлумачыла кіраўніцтва друкарні.
«У апошнім лісце з друкарні паведамляецца, што мы нібыта несвоечасова разлічваліся за выпуск нумару. Я ім напісаў, што друкарня ніколі не выстаўляла нам прэтэнзій па аплаце паслуг, і зараз чакаем іх адказу», — паведаміў у гутарцы з прэс-службай БАЖ галоўны рэдактар «БН» Анатоль Букас.
Між тым, з 30 снежня Барысаўскі райвыканкам па рэкамендацыі падаткавай інспекцыі адабраў ліцэнзію на раздробны гандаль перыядычнымі выданнямі ў выдаўца «Борисовских новостей» – прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Букас медиа-центр».
Дзеянні мясцовых уладаў А. Букас лічыць неабгрунтаванымі, і ён накіраваў зыскавую заяву ў Гаспадарчы суд Мінскай вобласці з патрабаваннем адмяніць рашэнне выканкама аб ануляванні гандлёвай ліцэнзіі.
«Такім чынам, заблакаваная праца нашага прадпрыемства — сёння мы не можам ні друкаваць газету, ні прадаваць яе, — абураецца сітуацыяй Анатоль Букас. — Наш калектыў хоча нармальна працаваць і нармальна плаціць падаткі, а нам перашкаджаюць гэта рабіць. Між тым, за мінулы год мы заплацілі ў бюджэт краіны 346 млн. рублёў падаткаў.
Нагадаем, што больш за 3 гады газета «Борисовские новости» разам з іншымі недзяржаўнымі выданнямі пазбаўлена магчымасці распаўсюджвацца праз падпіску «Белпошты» і сетку кіёскаў «Саюздруку».