viasna on patreon

У Докшыцах былі затрыманыя старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка і сябар Сойму Аляксей Кавалец

2005 2005-08-01T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прэс-група Партыі БНФ паведаміла, што пасьля нарады дэмакратычнага актыву на тры гадзіны быў затрыманы аўтамабіль, у якім ехаў старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка.
У гарачы суботні дзень у раённым цэнтры адбылася нарада мясцовага дэмакратычнага актыву наконт правядзеньня мясцовага сходу дзеля вылучэньня дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. У нарадзе ўзялі ўдзел старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, кіраўнікі віцебскіх абласных арганізацыяў Партыі БНФ Кастусь Смолікаў і АГП Алена Залеская, сябра Сойму Партыі БНФ Аляксей Кавалец.
Пасьля нарады госьці Докшыцаў на двух аўтамабілях пад'ехалі ў цэнтар мястэчка дзеля дыялёгу з жыхарамі. Аднак калі яны сталі ад'яжджаць, міліцыя раптоўна затрымала аўтамабіль, у якім ехалі Вінцук Вячорка й Аляксей Кавалец. Абвінаваціўшы іх у распаўсюдзе друкаванай прадукцыі, міліцыянты загадалі даставіць аўтамабіль на тэрыторыю РАУС. Аляксей Кавалец, у якога забралі правы, пайшоў "даваць тлумачэньні", а Вінцук Вячорка, нягледзячы на пагрозы начальніка міліцыі, катэгарычна адмовіўся выходзіць з аўтамабіля без дакладнага вызначэньня зьдзейсьненага ім правапарушэньня.
Міліцыянты правялі "агляд" аўтамабіля й высьветлілі, што ў ім знаходзяцца афіцыйна зарэгістраваныя газэты, а таксама партыйныя бюлетэні ў колькасьцях, меншых за 300 асобнікаў. Праз тры гадзіны фронтаўскія лідэры былі вызваленыя.
Вінцук Вячорка пракамэнтаваў докшыцкія прыгоды наступным чынам: "У многіх назва мястэчка асацыюецца з хрэстаматыйным творам нашага знакамітага жывапісца Віктара Маркаўца "Сьвята ў Докшыцах" -- сьветлай, жыцьцярадаснай карцінай. Мы ж сутыкнуліся ў Докшыцах зусім зь іншым: не патрэбнай нікому, найперш самой міліцыі, паслужлівасьцю перад самаўладзьдзем. Намі "займалася" дзевяць чалавек, зь іх сем афіцэраў, на чале з кіраўніком РАУС. У гэты час мы пачулі, што ў раёне адбылося рабаваньне, але ў сувязі з "занятасьцю" нашыя ахоўнікі парадку доўга не маглі вырашыць, хто ж туды паедзе! Мне шкада, што беларускую міліцыю так прыніжаюць, вымушаюць не шанаванай ва ўсім сьвеце паліцэйскай працай займацца, а быць палітычнымі жандарамі. Зрэшты, пасьля ўсяго мы разьвіталіся з докшыцкімі міліцыянтамі па-добраму. Нам разам жыць на гэтай зямлі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства